27 сакавіка Офіс па правах людзей з інваліднасцю правёў прэзентацыю дзвюх сацыяльна важных падзеяў: кнігі АляксандраТамковіча «Пераадоленне» і сацыяльнага відэароліка аб неабходнасці далучэння Беларусі да Канвенцыі аб правах інвалідаў.
У зале сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх і культурных арганізацыяў, журналісты. Прывітальнае слова да прысутных сказаў каардынатар Офіса па правах людзей зінваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Перад гасцямі выступіў аўтар кнігі «Пераадоленне» журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч: «Вы бачыце вокладку маёй кнігі. Яны чырвоная з чорным украпваннем словаў. Гэта невыпадкова. Чырвоны колер сімвалізуе Жыццё. А чорны - гэта той негатыў і цяжкасці, з якімі давялося змагацца героям кнігі. У кнізе 12 нарысаў пра людзей з інваліднасцю, якія, не гледзячы на хваробу, змаглі не проста выжыць, а жыць паўнавартасным незалежным жыццём. Кожны з іх варты стаць прыкладам для тых, хто апускае рукі. Гэтыя людзі жывуць, нараджаюць дзяцей, займаюцца спортам, актыўна працуюць і радуюцца таму, што жыццё працягваецца».
У працяг размовы свае гісторыі распавялі героі кнігі «Пераадоленне» - Ірына Жыхар (старшыня рады грамадскага аб’яднання «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын») і Уладзімір Патапенка (старшыня цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў).
Затым адбылася прэзентацыя сацыяльнага роліка.
Аляксей Сушанцоў, аўтар ідэі і сцэнара, распавёў як і чаму была абраная ідэя і як ствараўся ролік: «У адрозненне ад маіх папярэдніх працаў, гэтая стваралася прафесійнай камандай , што было для мяне прынцыпова, таму што даўно хацеў зрабіць ролік рукамі людзей, якія не першы год у рэкламным бізнэсе. Для чаго гэта трэба? Каб ролік быў цікавым, сучасным, а значыць працаваў у адпаведнасці з закладзенай у яго ідэяй, пасылам, нашым чаканнем па змене адносінаў грамадства да інваліднасці»
Таксама перад гасцямі выступіла прадзюсар здымачнай групы«Pylilo Production Studio» Наталля Пыліла: «Для нашай студыі гэта быў першы досвед стварэння сацыяльнага роліка. Да гэтага мы займаліся толькі камерцыйнымі праектамі. Мы хацелі стварыць сюжэт, які кажа аб праблеме. Але кажа пра яе пазітыўна, паказваючы выхад з яе і тую ідэальную карціну, якая будзе, калі праблема вырашыцца. Здымкі вяліся ў велізарным бізнес-цэнтры. І нас уразіла гатоўнасць навакольных дапамагаць - безбар’ернае асяроддзе было не ўсюды і людзі гатовыя былі падняць акцёра-вазочніка на руках, толькі каб ён не адчуваў нязручнасцяў ад архітэктурнай недаступнасці», - падкрэсліла Наталля.
Плануецца, што кніга «Пераадоленне» Аляксандра Тамковіча выйдзе ў свет да лета 2012 года. У гэты ж час запланаваны пракат сацыяльнага роліка ў эфіры нацыянальных і сталічных ТБ-каналаў. «Мы вядзем перамовы з тэлеканаламі, - сказала Наталля Пыліла. - Спадзяемся, што кіраўніцтва тэлеканалаў разумее, наколькі важна расказаць аб праблемах людзей зінваліднасцю. Бо трэба каб наша грамадства ведала, што неабходна рабіць у гэтым кірунку».
Прэзентацыя праводзілася ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць», якую праводзіць Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Слоган кампаніі: Кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены.