Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Рэаліі польскай турмы: як жывуць зняволеныя з інваліднасцю?

11/02/2014

Чаму ў польскай турме здаровыя зняволеныя не клапоцяцца аб зняволеных з інваліднасцю, адміністрацыя гатовая плаціць за “камуналку” сваіх “падапечных” і дапамагчы тым, хто вызваліўся, з жыллём і працай, распавядае супрацоўнік польскай турмы, праваабаронца Хельсінскага фонду па правах чалавека Ярек Копчук.

– Маглі б вы крыху расказаць пра тое, у якіх умовах утрымліваюцца людзі з інваліднасцю ў польскай турме? Часта такія зняволеныя патрабуюць дадатковых умоваў...

– У нас адбываюць пакаранне людзі з рознымі відамі і ступенню інваліднасці, таму казаць пра нейкія універсальныя падыходы тут цяжка. Да прыкладу, людзі з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння бываюць розныя: ёсць калясачнікі, а ёсць такія, якія перасоўваюцца на мыліцах. Тыя, у каго мыліцы, ходзяць адносна свабодна. Мы, у сваю чаргу, разумеем, што такому чалавеку трэба даць ніжніі паверх двухпавярховага ложка, каб ім было прасцей. З калясачнікамі крыху больш складана: для іх у турме абсталяваны спецыяльныя камеры, якія ўлічваюць патрэбы такіх зняволеных. У гэтых камерах больш прасторы для свабоднага перамяшчэння, ёсць магчымасць бесперашкодна паварочвацца. Для іх абсталяваны ванная і санвузел. Зразумела, што ў старых будынках турмаў, якія пабудаваныя даволі даўно, першапачаткова не было пандусаў. Аднак, калі такая патрэба ёсць – іх альбо дабудоўваюць, альбо мы выкарыстоўваем спецыяльныя пад’ёмнікі, якія нагадваюць міні-эскалатары.

 
Ярэк Копчук
 
Бываюць выпадкі, калі чалавек хворы вельмі моцна і мае патрэбу ў спецыяльнай рэабілітацыі. Для такіх людзей, якія, як правіла, пакутуюць на псіхічныя захворванні або маюць разумовую адсталасць, існуюць пры турмах спецыяльныя аддзяленні. Для кожнага такога “кліента” распрацоўваецца індывідуальная праграма рэабілітацыі, з такім зняволеным працуе каманда спецыялістаў – урачы, псіхолагі, інструктары, выхавальнікі...
 
Агульная ідэя заключаецца ў тым, каб здаровыя зняволеныя не былі вымушаныя клапаціцца аб зняволеных з інваліднасцю. За агульны камфорт і даступнае асяроддзе такога зняволенага, як і любога іншага, адказвае дзяржава. Вось і атрымліваецца, што супрацоўнікі турмы павінны забяспечыць такія ўмовы, каб кожны мог бесперашкодна перамяшчацца і карыстацца неабходнымі яму паслугамі.

– Ці ёсць у зняволеных з інваліднасцю магчымасць працаваць?

– У Польшчы існуе тры тыпы турмаў: зачыненыя, напаўзачыненыя і адчыненыя. Аб тым, у якую турму трапляе зняволены, вырашаюць турэмныя камісіі. Па маіх назіраннях, большасць людзей з інваліднасцю адбываюць пакаранні ў турмах напаўзачыненага і адчыненага тыпу, бо не ўяўляюць пагрозы для грамадства.

Магчымасці развівацца і працаваць у значнай ступені залежаць ад віда турмы: у турме зачыненага тыпу працуюць у асноўным на месцы, у двух іншых – зняволеныя могуць без усялякага канвою выходзіць на працу за межы месцаў пазбаўлення волі. Аднак забяспечыць асобаў з інваліднасцю працай не так проста: у краіне ўзровень беспрацоўя складае каля 13 працэнтаў; сярод зняволеных, зразумела, ён яшчэ вышэй, а сярод зняволеных з інваліднасцю працуюць, на жаль, яшчэ менш. З-за пэўных асаблівасцяў свайго здароўя ім пасуе не любая праца.

– Гэта значыць, тэарэтычна, у іх ёсць магчымасць нешта зарабіць?

– Праца ў турме падзяляецца на тую, якая аплачваецца і на валанцёрскую. Да апошняй, да прыкладу, можна аднесці ўборку, падачу страваў у сталовай – за гэта зняволеныя атрымліваюць не грошы, а якія-небудзь заахвочванні. Аплачванай працы менш, часткай такой працы забяспечвае турма, а частка прыходзіць звонку – да нас звяртаюцца працадаўцы. Мы тады выбіраем тых, хто можа якасна працаваць і не парушаць грамадскі рэжым. Часцей за ўсё патрэбныя працоўныя ў будаўнічай сферы – да гэтага наўрад ці атрымаецца прыцягнуць людзей з інваліднасцю. Іншая справа, калі працадаўца адкрывае месцы, прызначаныя канкрэтна для людзей з інваліднасцю – такое бывае, калі прадпрыемствы і фірмы хочуць атрымаць нейкія паслабленьні ад дзяржавы...

– І якая гэта звычайна праца?

– Гэта зноў залежыць ад ступені інваліднасці. Часцей за ўсё гэта нескладаная работа. Напрыклад, зняволены, які перасоўваецца на калясцы, цалкам можа працаваць за кампутарам – тут фізічная сіла не патрэбная. Для людзей, якія маюць якія-небудзь парушэнні ментальнага здароўя, гэта можа быць простая аднатыпная праца – напрыклад, выраб канвертаў, раскладка тавараў у скрыначкі і гэтак далей.

– Ці прадугледжаны нейкія механізмы падтрымкі тых, хто апынуўся на волі? Калі зняволеныя, да прыкладу, пазбавіліся жылля і маёмасці, у іх жа не застаецца выбару: альбо бамжаваць, альбо ісці ў інтэрнат...

– Як правіла, у Польшчы асуджаны не пазбаўляецца кватэры. Іншая справа, што ён не ў стане плаціць за яе, пакуль знаходзіцца ў турме. Мы, як адміністрацыя турмы, можам дапамагчы зняволенаму аплаціць некаторыя даўгі за камунальныя паслугі. Мы не робім гэта для ўсіх, толькі для тых, хто ў гэтым моцна мае патрэбу. Калі ў зняволенага былі грошы на рахунку, яны пераходзяць нам. Акрамя таго, кожнаму вязню пасля выхаду на волю выдаюцца пэўныя грошы на першы час.

Калі ў вызваленага няма дома, сям’і, а сваякі адмаўляюцца прыняць яго, за некаторы час да вызвалення мы пачынаем думаць, як уладкаваць яго жыццё: дзе ён будзе жыць і працаваць. Калі неабходна, знаходзім жыллё – гэта, як правіла, прытулкі. Мы таксама дапамагаем аформіць дакументы, ставім у жыллёвую чаргу...

– Якія, на ваш погляд, правы зняволеных з інваліднасцю могуць парушацца ў турме і ці можна ад гэтага застрахавацца?

– Я думаю, што тыя ж правы, што і ў іншых зняволеных. У першую чаргу, трэба глядзець на забеспячэнне бяспекі такога чалавека, таму што вельмі часта з-за інваліднасці такія людзі маюць патрэбу ў дапасаваным асяроддзі, якое б дапамагло яму паўнавартасна жыць.

 

Інтэрв’ю падрыхтаванае падчас удзелу ў адукацыйнай праграме “Навучанне на працягу ўсяго жыцця: працаўладкаванне і сацыяльная актывізацыя людзей з інваліднасцю”, якая стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву Хельсінкскага фонда па правах чалавека і Офіса па правах людзей з інваліднасцю.