Першая група ўдзельнікаў, прадстаўнікоў розных беларускіх установаў, грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў, якія працуюць з людзьмі, што маюць інваліднасць, завяршыла ўдзел у навучальным семінары "Навучанне на працягу ўсяго жыцця: працаўладкаванне і сацыяльная актывізацыя людзей з інваліднасцю", у рамках якога быў арганізаваны адукацыйны візіт у Польшчу.
Галіна Крот
Як патлумачыла эксперт Офіса па правах людзей з інваліднасцю Галіна Крот, беларускім і польскім спецыялістам удалося пазнаёміць удзельнікаў не толькі з тэорыяй - заканадаўчымі асновамі тэмы, якая абмяркоўвалася, але і з практычнымі прыкладамі. Выдатнай магчымасцю пагрузіцца ў тэму глыбей сталі паездкі ў розныя сацыяльныя ўстановы Польшчы, умовы і інфраструктура якіх дазваляюць камфортна вучыцца і працаваць людзям, якія маюць якія-небудзь абмежаванні па здароўю. Удзельнікі таксама паспрабавалі прааналізаваць, які досвед наша краіна можа пераняць у краіны-суседкі, якія бар'еры існуюць у Беларусі і як можна іх пераадолець.
Уласна, мэтай семінара і было пазнаёміць удзельнікаў з міжнароднымі і нацыянальнымі механізмамі абароны правоў чалавека, абмеркаваць сістэмы падтрымкі асобаў з інваліднасцю ў Польшчы і іншых краінах, а таксама прэзентаваць сістэмы прафесійнай адукацыі інвалідаў з улікам спецыяльнай, інтэграцыйнай і інклюзіўнай адукацыі.
Навучальны візіт у Польшчу быў скіраваны на азнаямленне з цэлым спектрам магчымасцяў прафесійнай падрыхтоўкі і працаўладкавання людзей з інваліднасцю, як на свабодным рынку працы, так і ў выпадку працаўладкавання з аказаннем падтрымкі: візіты ў цэнтры рэабілітацыі, у майстэрню працатэрапіі, на прадпрыемствы прафесійнай актыўнасці, у цэнтр прафесійнага кансультавання для людзей з інваліднасцю, на прадпрыемствы ахоўнай працы і гэтак далей.
Такія сабакі спецыяльна навучаныя для суправаджэння невідушчых, іх кошт дасягае некалькіх дзясяткаў тысячаў даляраў
Абсталяванне, якое дазваляе карыстацца кампутарам людзям, якія маюць слабы зрок
Марыя Голуб, член Савета Бабруйскай першаснай арганізацыі "Надзея" грамадскай арганізацыі "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам":
- За час удзелу ў семінары мы атрымалі шмат карыснай інфармацыі па правах чалавека, аб польскай сістэме адукацыі і працаўладкавання асобаў з інваліднасцю. Даволі цікавымі аказаліся такія тэмы, як ідэнтычнасць інваліднасці, метады вызначэння прафесійнай схільнасці асобаў з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, распрацоўка індывідуальных планаў прафесійнага развіцця людзей з інваліднасцю і гэтак далей. І, што вельмі важна, удалося абмяняцца кантактамі з калегамі з розных рэгіёнаў для далейшага, спадзяюся, плённага супрацоўніцтва.
Валянціна Ляснова, журналіст-фрылансер:
- Пабываўшы на грамадскім прадпрыемстве "Майстэрня розных рэчаў", разумееш, як шмат можна навучыцца ў людзей, якія маюць псіхафізічныя захворванні. Яны ствараюць выдатныя ўпрыгожванні, нататнікі, шкляныя гадзіннікі. Уразілі рукатворныя шпакоўні: наколькі прыгожымі можна зрабіць звычайныя домікі для птушак! Яшчэ адзін карысны праект для людзей, неабыякавых да аховы прыроды, - "Інваліды для навакольнага асяроддзя ЭКОН". У гэтай арганізацыі ёсць нават перамогі: напрыклад, у іх атрымалася наладзіць раздзельны збор адходаў у сваёй мясцовасці. За дзевяць гадоў працы "мурашкі" - так называюць людзей, уключаных у гэты праект, - заслужылі давер насельніцтва. Спачатку яны распавядалі людзям пра магчымасць паасобнага збору адходаў, распаўсюджваючы інфармацыйныя матэрыялы. Тыя адгукнуліся: пачалі выстаўляць пакеты з другаснай сыравіны каля дамоў, "мурашкі" забіралі смецце, якое перапрацоўваецца. Так, з маленькай перамогі, пачалася гісторыя буйнога экалагічнага праекта.
Асабіста я атрымала неверагодны эмацыйны зарад, я зразумела, што атрымаць інваліднасць - не канец жыцця!
Іна Клапаток, старшыня бацькоўскага камітэта Гродзенскага дзіцячага хоспіса:
- Хачу выказаць вялізную падзяку ўсім арганізатарам семінара, усё было прадумана да дробязяў, нават у падборы групы гэта адчувалася, таму тыдзень прайшоў на адным дыханні.
Для мяне як для мамы, якая выхоўвае дзiця-калясачніка, гэты семінар быў нечаканым адкрыццём. Аказваецца, што ёсць дзяржавы, дзе права працаваць могуць рэалізаваць усе людзі, незалежна ад сваіх фізічных магчымасцяў. Дзякуючы атрыманай інфармацыі пачала складвацца рэальная карціна таго, як можна арганізаваць вытворчасць для людзей з інваліднасцю, у той жа час прыйшло разуменне, што без дапамогі дзяржавы зрабіць гэта не рэальна. Аднак спрабаваць усё ж трэба. Выдатна, што на семінары было шмат практычнага матэрыялу, у прыватнасці, нам паказалі, як працуюць людзі з інваліднасцю, як яны навучаюцца.
У той жа час хочацца прапанаваць, каб на такія адукацыйныя мерапрыемствы запрашалі больш людзей з інваліднасцю, актыўных бацькоў, каб тыя бачылі, як рухацца далей, што можна вучыцца, працаваць, іх жыццё не павінна абмяжоўвацца чатырма сценамі.
На верасень гэтага года запланаваны другі падобны семінар. Гэтыя адукацыйныя мерапрыемствы сталі магчымыя дзякуючы супрацоўніцтву Хельсінкскага фонда па правах чалавека (Польшча) і Офіса па правах людзей з інваліднасцю (Беларусь).
Фота з архіва ўдзельнікаў семінара