Прадстаўляем Вашай увазе сацыяльны ролік аб неабходнасці далучэння Беларусі да Канвенцыі аб правах інвалідаў. Ролік быў створаны па ініцыятыве Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць». Аўтар ідэі - Аляксей Сушанцоў. Здымачная група - студыя «Pylilo Production Studio», генеральны прадзюсар Наталля Пыліла.
Ролік распавядае пра адну з асноўных праблемаў у сферыі нваліднасці - працаўладкаванні. Адзін працоўны дзень з жыцця маладога чалавека з інваліднасцю ў офісе, паказаны ў роліку, - гэта бачанне таго, на чым павінны грунтавацца адносіны паміж працадаўцам і супрацоўнікам. Прафесіяналізм і мэтанакіраванасць - з боку супрацоўніка. Павага і прыняцце сітуацыі - з боку наймальніка. «Дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці, якая зараз з’яўляецца асноватворным фактарам пры адмовах ў працаўладкаванні, - гэта бар’ер, які замінае чалавеку з інваліднасцю весці паўнавартаснае незалежнае жыццё», - пракаментаваў сітуацыю каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Дэманстрацыю роліка плануецца правесці ў эфіры нацыянальных, рэгіянальных і сталічных ТБ-каналаў.
Зараз яго можна ўбачыць у інтэрнэце: http://www.youtube.com/watch?v=rnPrOXLh8Qk