Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Справа «Аб безбар’ерным асяроддзі» Рычарда Паўлоўскага

06/09/2012

4 верасня ў судзе Першамайскага раёна горада Мінска прайшло папярэдняе слуханне справы «Аб прымусе да прывядзення дома ў адпаведнасць з будаўнічымі нарматывамі і стварэнні безбар’ернага асяроддзя». Істцом выступае Рычард Паўлоўскі, інвалід-калясачнік. Адказчык - будаўнічая арганізацыя Х. Сутнасць цяжбы такая: Рычард Паўлоўскі заключыў дамову з будаўнічай арганізацыяй Х «на стварэнне аб’екта долевага будаўніцтва жылога дома па адрасе: г. Мінск, пр-т Машэрава, 43. Указаны жылы дом прыняты ў эксплуатацыю ў снежні 2010 г. (іскавая заява пазоўніка)».  

 
Аднак пасля агляду дома Паўлоўскі выявіў некалькі неадпаведнасцяў нормам безбар’ернага асяроддзя. «У гэтым доме створаны ўмовы, якія перашкаджаюць мне свабодна перамяшчацца, бо я з’яўляюся інвалідам-калясачнікам. - Пазначае ў сваёй іскавай заяве пазоўнік. - Такім чынам, забудоўшчыкам парушаныя нарматывы будаўніцтва. У добраахвотным парадку забудоўшчык адмаўляецца ад прывядзення дома ў адпаведнасць з будаўнічымі нарматывамі. Але трэба разумець, што падманваючы сваіх дольшчыкаў, забудоўшчык, перш за ўсё, падманвае дзяржаву. Бо тое, што ён не дарабіў па нормах, часцей за ўсё выпраўляе дзяржава за кошт бюджэтаў мясцовых выканаўчых органаў».
 
Перад пачаткам слухання Рычард Паўлоўскі так ахарактарызаваў сітуацыю, якая склалася: «Такое ўражанне, што я асуджаны да пажыццёвага зняволення ва ўласнай кватэры без права абскарджвання. Але прысуд вынесены не лёсам, які зрабіў мяне інвалідам. Прысуд вынес забудоўшчык, які лічыць, што такія «дробязі», як вышыня парогаў, не ўплываюць на ўвесь будынак. Я не ведаю, якое рашэнне будзе прынята судом. Але ў любым выпадку яно будзе паказчыкам адносінаў да гэтай праблемы грамадства ў цэлым. І будзе тычыцца ўсіх. Бо стварэнне безбар’ернага асяроддзя - гэта не проста выкананне нейкіх заканадаўчых актаў. Гэта, перш за ўсё, імідж дзяржавы, паказчык яе «даросласці», калі можна так сказаць. Чалавек з інваліднасцю - такі ж чалавек, і ён хоча і мае права адчуваць сябе паўнавартасным, самадастатковым, рэалізаваным у жыцці».
 
Уваходзіць і пакідаць будынак суда Рычарду Паўлоўскаму давялося з «чорнага ходу» і з старонняй дапамогай: пандус галоўнага пад’езда не прыстасаваны для перамяшчэння чалавека з інваліднасцю і цалкам не адпавядае нормам.
 
 
У зале сабраліся пазоўнік і адказнік са сваімі прадстаўнікамі, а таксама прадстаўнік Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца дом 43 на праспекце Машэрава. Прадстаўнік РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза» на суд не з’явіўся. А менавіта гэтая арганізацыя давала заключэнне аб тым, што «вышыня парогаў у дзвярных праёмах на шляхах да ліфтоў складае 6 см, што не адпавядае патрабаванням п.5.19 БНБ 3.02.04-03 «Жылыя будынкі». 
 
Папярэдняе слуханне доўжылася 2 гадзіны. Адказчык толькі часткова прызнаў патрабаванні пазову. Нават не эксперту ў галіне будаўніцтва было зразумела, што нормы безбар’ернага асяроддзя былі парушаныя. Але адказнасць за гэта адказчык усяляк перакладаў на свайго генеральнага субпадрадчыка ААТ МАПІД, які выконваў праектныя і будаўнічыя работы. Вось толькі ХТО ўзгадніў «няправільны» праект і ХТО паставіў свой подпіс на акце прыёмкі будынка ў эксплуатацыю - гэтыя два пытанні так і павіслі ў паветры. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна, на якую ўскладзены кантралюючыя функцыі, і галоўны інжынер якой прымаў дом у эксплуатацыю, толькі развяла рукамі і выдала фразу, якая добра характарызуе існае стаўленне да людзей з інваліднасцю: «А гэты дом не быў запланаваны для пражывання ў ім людзей з інваліднасцю на інваліднай калясцы». Нават суддзя Пятух пацікавілася ў чыноўніка: «А ў нас што, ёсць дамы, прызначаныя і не прызначаныя для інвалідаў?» І прапанавала перачытаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. На пытанне «Чаму ж вы, атрымаўшы скаргу Паўлоўскага, не прарэагавалі?» прадстаўнік Адміністрацыі Цэнтральнага раёна адказала: «Дом знаходзіцца ў падпарадкаванні таварыства ўласнікаў, мы перанакіравалі ім скаргу і парэкамендавалі ўрэгуляваць пытанне з безбар’ерным асяроддзем. Яны ўласнікі і яны павінны прыняць рашэнне па выкананні нормаў». Гэта значыць, на думку дадзенага прадстаўніка, што не заканадаўствам нашай краіны вызначаецца выкананне нормаў безбар’ернага асяроддзя, а рашэннем таварыстваў уласнікаў! Ну а калі ўжо яны вырашылі, што выконваць «Дзяржаўную праграму па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011 - 2015 года» не варта, то так таму і быць ...
 
«Справа складаная, - сказала суддзя ў канцы пасяджэння. - Мы павінны выслухаць бакі яшчэ раз. Павінны выслухаць спецыялістаў. Калі гэтага будзе не дастаткова, то суд прызначыць экспертызу. Галоўная задача суда - не спешка, а выкананне закона Рэспублікі Беларусь». Наступнае слуханне па справе прызначана на 21 верасня гэтага года. Пачатак у 16.15. Пакуль слуханне з’яўляецца адкрытым...