Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Транспарт у Сочы даступны ад аэрапорта да ... хакейнага поля!

12/03/2014

Мы пачынаем цыкл прамых уключэнняў са сталіцы цяперашніх Паралімпійскіх гульняў, на сувязі – каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

Немалыя грошы былі ўкладзеныя ў архітэктурную даступнасць Сочы. За некалькі дзен да адкрыцця Зімовых Паралімпійскіх гульняў, як паведамлялася, больш за тысячу аб'ектаў гарадской інфраструктуры былі прызнаныя даступнымі. Сочы стаў "паддоследным трусікам" Расіі – першым горадам, дзе ўрад вырашыў рэалізаваць праграму даступнага горада, то бок такога населенага пункта, у якім будзе зручна ўсім жыхарам і гасцям незалежна ад наяўнасці інваліднасці. Планавалася, што будзе ўдасканалена ўсё: транспарт, дарогі, розныя аб'екты грамадскай і, вядома, спартыўнай інфраструктуры.

Як было заяўлена урадам краіны, безбар'ернае асяроддзе, створанае ў Сочы да Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2014 года, дазволіць людзям, якія маюць інваліднасць, без старонняй дапамогі перамяшчацца па горадзе, карыстацца грамадскім транспартам, наведваць разнастайныя ўстановы і арганізацыі, адпачываючы, займаючыся спортам і гэтак далей.

Дарэчы, была створаная нават Мапа даступнасці, якая дазваляе людзям з інваліднасцю знайсці месца «крокавай даступнасці», дзе можна займацца спортам, а таксама атрымаць іншую неабходную інфармацыю пра "безбар'ерку" горада. Яе мы яшчэ ацэнім.

Спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю нярэдка звярталі ўвагу грамадскасці на тое, што асобныя элементы безбар'ернага асяроддзя не робяць прастору даступнай і зручнай для людзей, што маюць інваліднасць. Менавіта таму казаць пра створаную "безбарьерку" рана. Аднак мы звязаліся з каардынатарам Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргеем Драздоўскім, які цяпер знаходзіцца ў Сочы, каб даведацца, наколькі насамрэч новую сталіцу Паралімпійскіх гульняў можна лічыць зручнай для перамяшчэння і ў цэлым для жыцця.

– Сочынская Паралімпіяда, якая зараз працягваецца ў Расіі, для гледача з інваліднасцю – а менавіта ў такой якасці я буду даваць ацэнку спартыўных спаборніцтваў – пачынаецца ў аэрапорце, – перадае Сяргей. – Усе службы, таксама як і авіякампанія-перавозчык, шчыра здзівілі мяне высокім узроўнем сэрвісу. Падчас майго палету на борце адначасова прыбыло 29 чалавек з абмежаваннем мабільнасці – практычна ўсе перасоўваліся на калясках. Тым не менш, усім быў аказаны якасны і аператыўны сэрвіс з боку службаў аэрапорта. Іх праца, а таксама выразныя і прыязныя дзеянні прыемна здзівілі мяне, хоць я лічу сябе дастаткова дасьведчаным авіяпасажырам.

Як расказаў відавочца, аэрапорт, будучы параўнальна невялікім, па ўсіх кірунках руху забяспечаны пандусамі, выкананымі паводле нормаў, якія дазваляюць самастойна іх выкарыстоўваць пасажыру, які перасоўваецца ў калясцы.

– Тых, хто прыляцеў, гледачоў Паралімпіяды, сустракаюць валанцёры. Яны адразу заўважаюць пасажыраў з інваліднасцю і прапануюць ім суправаджэнне, – распавядае Сяргей Драздоўскі. – Валанцёры аказваюць актыўную дапамогу – аж да пасадкі ў аўтобус або замоўлены шатл, абсталяваны спецыяльным пад'ёмнікам аўтобус.

Грамадскі транспарт, які ідзе па "паралімпійскіх" кірунках, дадае каардынатар Офіса, практычна ўвесь даступны для выкарыстання пасажырамі ў калясках. Важна адзначыць, што ўсе паралімпійскія маршруты бясплатныя для ўсіх.

– Адразу кідаецца ў вочы, што даступныя не толькі аўтобусы і мясцовыя хуткасныя электрычкі, але і самі станцыі цалкам падрыхтаваныя для госця ў калясцы або з кійком, – адзначае С.Драздоўскі. – Да перавозкі пасажыраў з інваліднасцю гатовая не толькі тэхніка, але і персанал. Кіроўцы аўтобусаў без лішніх слоў дапамагаюць сесці і выйсці з транспарту пасажырам са спецыяльнымі патрэбамі. Робяць яны гэта, убачыўшы на прыпынку "асаблівага" пасажыра.

Паездкі людзей з інваліднасцю падчас Паралімпійскіх гульняў ўскладняюцца падвышанымі мерамі бяспекі – перыядычна трэба праходзіць праз адмысловую рамку і дагляд. Гэта можа збіраць чэргі, аднак для пасажыраў з інваліднасцю ёсць спецыяльныя прахадныя рамкі.

– Як толькі з'яўляецца такі пасажыр, ен адразу трапляе ў поле зроку супрацоўнікаў вакзала ці валанцёра, якія гатовыя суправаджаць да самой пасадкі ў цягнік! Таксама і на пероне прыбыцця – такі пасажыр зноў трапляе ва ўважлівыя "рукі" сэрвісу. То бок тут як раз можна казаць аб інклюзіўным падыходзе, – разважае Сяргей. – Так, створана цалкам даступнае асяроддзе на шляху перамяшчэння гледача з асаблівымі патрэбамі, але пры гэтым персанал, у значнай ступені валанцёры, аказваюць дапамогу, суправаджаюць, калі трэба. Робяць яны гэта сістэматычна! Іх паводзіны – не толькі іх добрая воля і спагадлівасць, хоць і гэта таксама, але і сістэма адносін, выбудаваная арганізацыйна.

Пераадолець шлях без лішніх складанасцяў дапамагаюць і іншыя пастаянныя "напамінальнікі". Напрыклад, на вакзале ўвесь час паўтараюцца паведамленні аб тым, што першы і апошні вагоны спецыяльна прыстасаваныя для пасажыраў з інваліднасцю, агучваецца просьба да ўсіх пасажыраў гэта ўлічваць. Абсалютна ўсім пасажырам гавораць аб важнасці ўважліва ставіцца адзін да аднаго, у тым ліку да людзей з інваліднасцю.

Акрамя архітэктурнай даступнасці, ёсць тут і арганізацыйныя ўмовы: перамяшчэнні сотняў людзей у электрычцы могуць быць звязаныя з утварэннем тлуму, у гэтым натоўпе не даюць "згубіцца" людзям з асаблівымі патрэбамі.

– Персанал суправаджае і сочыць за тым, каб месца знайшлося і чалавеку ў калясцы, і чалавеку з кійком. Я хачу гэта падкрэсліць, таму што ў нашых рэаліях, пусціўшы па маршруце даступны транспарт, ніхто больш ні пра што не клапоціцца, – разводзіць рукамі супрацоўнік Офіса.

Месца правядзення спаборніцтваў аддаленыя адно ад аднаго: у Алімпійскай вёсцы праводзяцца спаборніцтвы па хакеі і кёрлінгу, а вось лыжы і біятлон – высока ў гарах. Менавіта таму, акрамя стандартных паралімпійскіх чыгуначных і аўтамаршрутаў, працуе канатная дарога. Канатныя дарогі даступныя, цалкам прыстасаваныя для карыстання пасажырамі з асаблівымі патрэбамі. Гэты транспарт дазваляе падняцца высока ў горы, каб, як і ўсе, сачыць за ўсімі спаборніцтвамі. Прымаючы да ўвагі тое, што каляска па стромкіх схілах і жвіравым дарожках цяжка праязджае, арганізатары прадугледзелі спецыяльна абсталяваныя шатлы нават для перасоўвання на невялікія адлегласці.

– Сканчаючы сённяшнюю размову аб транспарце, скажу, што транспартная сетка і лагістыка перамяшчэння вельмі добра арганізаваныя. На прыпынках няма натоўпаў, чакаць даводзіцца не больш за дзесяць хвілін, – падсумаваў Сяргей Драздоўскі.

На нашым сайце будуць працягвацца і іншыя тэматычныя ўключэнні з Сочы - сачыце за абнаўленнямі!