Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

«У мяне ўсё добра. Я жыву ў клетцы»

09/05/2012

5 траўня ў Мінску прайшоў мітынг, арганізаваны Рэспубліканскай асацыяцыяй інвалідаў-калясачнікаў (РАІК), у падтрымку міжнароднага руху інвалідаў за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі. Каля 100 чалавек з плакатамі казалі пра свае правы, праблемы і пра Канвенцыю аб правах інвалідаў. Сімвалам мітынгу стала котка ў клетцы. «У мяне ўсё добра. Я жыву ў клетцы», – напісана на плакаце. Так і інваліды-калясачнікі часта не могуць нават выйсці з дому, таму што бардзюр вышынёй 1 см. ужо з’яўляецца для іх такой жа перашкодай, як 3-х метровая сцяна для звычайных людзей.

Удзельнікі мітынгу прапанавалі здаровай дзяўчыне-журналісту правесці ў калясцы 2 хвіліны і пераадолець бардзюр на асфальце. Выпрабаванне ўдалося ёй толькі з старонняй дапамогай. Вось такое безба’ернае асяроддзе.

Перад прысутнымі выступілі старшыня ГА «РАІК» Яўген Шаўко і каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Абодва лідары руху за правы людзей з інваліднасцю заклікалі ўдзельнікаў мітынгу адкрыта і смела казаць пра свае правы і выступаць за падпісанне Канвенцыі аб правах інвалідаў.

У прыватнасці Яўген Шаўко заявіў: «Я хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто прыйшоў сёння на мітынг. Але не варта забываць і пра тых, хто не змог прыйсці. І зусім не таму, што не меў жадання. Хутчэй таму, што не меў магчымасці пераадолець прыступкі, лесвічныя пралёты, высокія бардзюры. Нас 20 тысяч. А ўсяго ў Беларусі больш за 500 тысяч людзей з інваліднасцю. І мы такія ж грамадзяне нашай краіны. І мы маем поўнае права на паўнавартаснае незалежнае жыццё».
«Вядома, падпісанне Канвенцыі аб правах інвалідаў – гэта не ёсць рашэнне ўсіх нашых праблемаў. Аднак гэта вялікі крок у бок захавання правоў інвалідаў, – падкрэсліў Сяргей Драздоўскі. - Канвенцыю падпісалі 153 краіны свету. У мінулым годзе гэта зрабіла Папуа – Новая Гвінея. Няўжо Беларусь хутка застанецца апошняй краінай, якая не падпісала Канвенцыю?».

Вынікам мітынгу стала падпісанне ўдзельнікамі звароту да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Інваліды-калясачнікі просяць Прэзідэнта краіны звярнуць асаблівую ўвагу на праблемы людзей з інваліднасцю і асабіста заняцца гэтым пытаннем «Мы вымушаныя звяртацца да вас з заклікам забяспечыць выкананне канстытуцыйных правоў у адносінах да інвалідаў-калясачнікаў Беларусі», – гаворыцца ў звароце. – Беларусі патрэбная Канвенцыя аб правах інвалідаў! І мы просім прыняць яе разам з факультатыўным пратаколам да яе».

Нагадваем, што паводле афіцыйнай заявы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь падпісанне і ратыфікацыя Канвенцыі аб правах інвалідаў намечаныя на 2013 год.
 
Фота Кацярыны Данейкі