У гэтым годзе Офіс па правах людзей з інваліднасцю стаў членам Еўрапейскай сеткі незалежнага жыцця (European Network on Independent Living / (ENIL), гэта адкрыла магчымасць удзелу ў маштабным міжнародным мерапрыемстве Freedom Drive ("Кампанія свабоды") . Freedom Drive - гэта колькідзённая канферэнцыя (у гэтым годзе яна пройдзе ў Страсбургу з 9 па 12 верасня), якая складаецца з тэматычных семінараў, сустрэчаў і дыскусіяў, скіраваных на ўзаемадзеянне і ўмацаванне грамадскага руху.
У гэтым годзе на Freedom Drive будуць абмяркоўваць правы людзей з інваліднасцю, Канвенцыю аб правах інвалідаў і асаблівасці яе дзеяння ў розных краінах Еўропы. Плануецца, што будуць агучаныя рэальныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў розных краінах: гэта безбар'ернае асяроддзе, права роўнага доступу да паслуг, дыскрымінацыя жанчын-інвалідаў і гэтак далей.
Канвенцыя аб правах інвалідаў павінна забяспечваць умовы, у якіх асобы з інваліднасцю маглі б карыстацца сваімі правамі нароўні з іншымі грамадзянамі. Дакумент устанаўлівае мінімальныя стандарты для абароны і забеспячэння поўнага спектру грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў гэтых людзей.
Канвенцыя аб правах інвалідаў была ратыфікаваная 24 дзяржавамі - членамі Еўрапейскага Саюза. Аднак, як паказвае практыка, існуе разрыў паміж правамі інвалідаў, гарантаванымі Канвенцыяй, і рэальнасцю. Гэта, плануецца, і стане асноўнай тэмай Freedom Drive сёлета.
Сяргей Драздоўскі, каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю:
- Мы плануем прыняць удзел ва ўсіх запланаваных акцыях і мерапрыемствах, якія будуць праводзіцца ў рамках Freedom Drive. Аднак на сённяшні момант існуе значная розніца ў фокусе праблемаў, якія ўзнімаюцца еўрапейскай супольнасцю людзей з інваліднасцю і намі.
Адна з самых важных - гэта выключэнне нашай краіны з агульнага працэсу ажыццяўлення міжнароднага руху ў вырашэнні праблемаў інваліднасці. Мы да гэтага часу не падпісалі Канвенцыю, і, адпаведна, не прыступілі да рэформаў і зменаў у сувязі з гэтым, у той час як еўрапейцы інтэнсіўна абмяркоўваюць ужо вынікі розных нацыянальных практык па яе ажыццяўленню, яны ўжо могуць выбудоўваць стратэгіі ажыццяўлення і развіцця на наступныя гады. Еўрапейцы карпатліва рэалізуюць прынцыпы Сацыяльнай хартыі, якую таксама не падпісала Беларусь. Хартыя дазваляе на практыцы рэалізоўваць прынцыпы сацыяльнай згуртаванасці. Сёння еўрапейцы з інваліднасцю абмяркоўваюць пытанні стандартаў якасці жыцця чалавека з інваліднасцю з улікам рэалізацыі прынцыпаў забеспячэння незалежнага пражывання, барацьбы з дыскрымінацыяй, забеспячэння даступнасці ўсіх сфераў жыцця і эфектыўнай роўнасці. Мы, на жаль, не гатовыя змястоўна на роўных удзельнічаць у дадзеным дыялогу, бо ўсе гэтыя пытанні пакуль - нягледзячы на пастаянную працу Офіса па правах людзей з інваліднасцю і іншых арганізацыяў людзей з інваліднасцю - не сталі часткай беларускай палітыкі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю.