Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

З 22 па 31 кастрычніка ў Мінску праходзіць выстава "Сімвал Даступнасці"

23/10/2013

Урачыстае адкрыццё выставы “Сімвал Даступнасці” адбылося на пляцоўцы творчай прасторы “ЦЭХ” увечары 22 кастрычніка. Выстава будзе доўжыцца 10 дзён, наведаць яе можна па адрасе Мінск, пр. Незалежнасці, 58, корпус 6.

Цырымонія адкрыцця прайшла ў цесным коле аднадумцаў, асабліва ўсіх ўразіла выступленне Патрыцыі Курганавай, лаўрэата міжнародных конкурсаў эстрадных выканаўцаў, удзельніцы расійскага праекта “Голас”, а галоўнае – ідэйнага натхняльніка многіх таленавітых людзей з інваліднасцю, якія мараць рэалізаваць свой ​​патэнцыял. Практычны майстар-клас па бяспечным суправаджэнні і заездзе на бардзюры правялі госці з Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў.

– Гэтая выстава – толькі частка нашай глабальнай інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць”, мэта якой – спрыяць ліквідацыі не толькі архітэктурных, але і ментальных, прававых, эканамічных бар’ераў, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю. Мы хацелі б папулярызаваць прынцыпы даступнасці і іх сімвал сярод розных дзяржаўных і камерцыйных структураў, каб ён стаў сапраўды прэстыжным знакам якасці іх сацыяльнай палітыкі, – падкрэсліла дырэктар Офіс па правах людзей з інваліднасцю Эніра Браніцкая.

Стварэнне экспазіцыі стала лагічным працягам конкурсу на лепшы сімвал даступнасці, арганізатарам якога выступіў Офіс па правах з інваліднасцю. На конкурс было даслана каля 60 праектаў, прычым сваё бачанне гэтага сімвала мог прапанаваць любы ахвотны незалежна ад прафесіі і навыкаў малявання. Лепшыя працы былі вызначаныя вясной 2013 года, а намінанты і пераможцы абвешчаныя ў рамках падзеі “Тыдзень Даступнасці”, якая прайшла ў Мінску 17-21 траўня.