Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча) і асветніцкая праваабарончая ўстанова "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" (Беларусь) запрашаюць прыняць удзел у семінары па вывучэнні досведу працаўладкавання асобаў з інваліднасцю ў Рэспубліцы Польшча.
Мэта семінара – пазнаёміць удзельнікаў з асновамі канцэпцыі правоў чалавека і іх практычным выкарыстаннем пры фармаванні палітыкі занятасці асобаў з інваліднасцю; вывучыць канкрэтныя механізмы і спосабы рэалізацыі права на працу асобаў з інваліднасцю, іх актывізацыі ў Польшчы і іншых краінах; прэзентаваць досвед развіцця сістэмы працаўладкавання і занятасці Рэспублікі Польшча.
Першая частка семінара скіраваная на вывучэнне таго, як фармаваць эфектыўную палітыку занятасці асобаў з інваліднасцю на падставе прынцыпу поўнай і ўсялякай павагі правоў чалавека і іх рэалізацыі без дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці.
Другая частка скіраваная на азнаямленне з цэлым комплексам практычных магчымасцяў працаўладкавання асобаў з інваліднасцю як на свабодным працоўным рынку, так і на прадпрыемствах, якія атрымліваюць спецыяльную дапамогу на гэтую мэту з дзяржаўных або іншых органаў; наведванне цэнтраў рэабілітацыі, установаў прафесійнай актыўнасці, цэнтраў прафесійнага кансультавання людзей з інваліднасцю, так званых прадпрыемстваў ахоўнай працы, заняткаў працатэрапіі і г.д.
Папярэднія даты правядзення семінара: 24-31 мая 2014 года.
Месца правядзення: Варшава, Польшча.
Да ўдзелу запрашаюцца:
– Спецыялісты і актывісты арганізацыяў, якія маюць актыўную пазіцыю ў адносінах да інваліднасці ў Беларусі;
– Удзельнікі ініцыятываў, якія займаюцца самадапамогай і дапамогай людзям з інваліднасцю ў Беларусі;
– Ініцыятыўныя людзі, якім не абыякавыя праблемы чалавека з інваліднасцю.
Працоўная мова : расійская.
Для таго каб прыняць удзел у семінары, неабходна запоўніць анкету і выслаць яе на электронную пошту seminar@disright.org не пазней за 15 красавіка 2014 года.
Аб выніках конкурснага адбору будзе персанальна паведамлена не пазней за 6 мая 2014 года.
Удзельнікі прымаюць на сябе пісьмовыя абавязацельствы аб выкананні вучэбнай праграмы, а таксама па своечасовым вяртанні ў Рэспубліку Беларусь.
Арганізатары бяруць на сябе забеспячэнне кошту харчавання, пражывання ў Варшаве ў час семінара і кампенсацыю транспартных выдаткаў ад месца пражывання да Варшавы і назад (пры наяўнасці арыгіналаў квіткоў у абодва бакі).
Пытанні афармлення віз для ўдзельнікаў, якія прайшлі адбор і ўзялі на сябе абавязак удзелу ў праграме, будуць вырашацца ў рабочым парадку.
Выдаткі, звязаныя з працэдурай атрымання візы (праезд па тэрыторыі Беларусі, харчаванне ў дарозе, пражыванне) арганізатарамі не кампенсуюцца.
Дадатковую інфармацыю аб семінары можна атрымаць у каардынатара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, cкіраваўшы запыт на электронны адрас seminar@disright.org або па тэлефоне +37529 684 58 67.