Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Чаму вышэйшая адукацыя недасягальная для большасці людзей з інваліднасцю?

24/12/2013

Толькі дзясятая частка людзей з інваліднасцю ў Беларусі маюць вышэйшую адукацыю. Што стаіць на шляху да дыплома ў гэтых людзей і як пераадолець гэтыя перашкоды?

Сёння ва ўсім свеце інваліднасць разумеецца ў першую чаргу як праблема ўзаемадзеяння чалавека і асяроддзя. Лепшы спосаб пазбегнуць выключэння з грамадства – адукацыя, лічыць каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Аднак вышэйшая адукацыя ў нашай краіне маладаступная для людзей з інваліднасцю. Паводле звестак, на лістапад 2013 года з больш чым 532 тысячаў людзей з інваліднасцю ў Беларусі атрымалі дыплом толькі прыкладна дзясятая частка. Сярод іх 6 працэнтаў дарослых людзей, якія карыстаюцца каляскай, 10,7 працэнта – з парушэннем зроку, 6,3 працэнта – з парушэннем слыху.

Бар'еры: аб'ектыўныя і суб'ектыўныя

Узаемадзейнічаць з асяроддзем людзям з інваліднасцю не даюць некаторыя істотныя перашкоды. У 2001 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя была прынятая Міжнародная класіфікацыя функцыянавання, абмежаванняў жыццядзейнасці і здароўядакумент, у якім прыводзяцца ўсе віды і формы бар'ераў, што могуць перашкаджаць чалавеку ўключацца ў грамадства, у тым ліку ў працэс адукацыі. Можна вылучыць асноўныя іх тыпы:

- Неадэкватныя меры палітыкі;

- Негатыўнае стаўленне грамадства;

- Недастатковасць паслуг;

- Недастатковае фінансаванне;

- Недаступнасць фізічнага асяроддзя;

- Неадэкватная інфармацыя і камунікацыя;

- Адсутнасць кансультавання і ўключанасці ў грамадства;

- Адсутнасць дадзеных і досведу.

Даступнасць у першую чаргу

Сяргей Драздоўскі сцвярджае, што без сістэматычнага змянення і развіцця вышэйшай школы вельмі складана чакаць змянення сітуацыі.

 – Часцей за ўсё праблему недаступнасці адукацыі для людзей з інваліднасцю спрабуюць вырашыць, пачынаючы ствараць безбар'ернае асяроддзе: усталёўваць пандусы і ліфты ў будынках для людзей, якія перасоўваюцца ў калясках, наймаць перакладчыкаў для тых, хто слаба чуе. Безбар'ернасць практычна нічога не вырашае ва ўспрыманні інваліднасці як перашкоды на шляху атрымання адукацыі. Значна лепш у гэтай сітуацыі кіравацца прынцыпам даступнасці, – распавёў ён.

Гэты прынцып заключаецца ў ліквідацыі перашкодаў, якія не даюць людзям з інваліднасцю свабодна карыстацца сваімі правамі. Даступнасць кажа аб увазе да прычынаў і гэта вядзе да ліквідацыі наступстваў – бар'ераў.

Спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю прапанавалі прыняць кіроўныя прынцыпы даступнай адукацыі – вектары, якія дазваляюць усталяваць мінімальныя нормы, што спрыяюць забеспячэнню даступнасці для ўсіх у не залежнасці ад інваліднасці.

Эксперты адзначаюць, што ў Беларусі ўсё ж ёсць навучальныя ўстановы, дзе створаны патрэбныя ўмовы для навучання студэнтаў з рознымі формамі інваліднасці. Добрай славай карыстаецца Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогіяў БДУ. Тут працуюць унікальныя спецыялісты, якія знаходзяць падыход да кожнага студэнта, што можа кампенсаваць іншыя недахопы навучальнай установы.

Ёсць рашэнне?

Падчас канферэнцыі "Мадэрнізацыя адукацыі: выклікі і перспектывы", якая нядаўна прайшла ў Мінску, спецыялісты абмеркавалі магчымасці ўдасканалення айчыннай адукацыі. Эксперты таксама стварылі калектыўны праект прапановаў у новы Кодэкс аб адукацыі.

Спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю раней падрыхтавалі канкрэтныя рэкамендацыі, якія тычацца Кодэкса. Так, напрыклад, яны прапануюць увесці ў дакумент шэраг тэрмінаў – "інклюзія", "дыскрымінацыя". З аднаго боку, гэта дазваляе "падцягнуць" нацыянальнае заканадаўства пад асноватворныя прынцыпы Канвенцыі па правах інвалідаў. З іншага – зрабіць адукацыю для людзей з інваліднасцю больш даступнай.