Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Ці можна аднавіць дзеяздольнасць без удзелу апекуна?

14/09/2013

У грамадскую прыёмную Офіса па правах людзей з інваліднасцю звярнулася грамадзянка П. Будучы пазбаўленай дзеяздольнасці, яна страціла ўсе грамадзянскія правы і цяпер не мае магчымасці звяртацца ў якія-небудзь ўстановы самастойна – толькі праз свайго апекуна. Дачка, якая з’яўляецца апекуном, паводле словаў грамадзянкі П., не ідзе на кантакт, адмаўляецца ўдзельнічаць у працэдуры аднаўлення дзеяздольнасці. Грамадзянка П. цікавіцца, ці ёсць у яе магчымасьць самастойна аднавіць дзеяздольнасць.

Розныя псіхічныя расстройствы могуць стаць сур’ёзным абмежаваннем грамадзянскіх правоў. Згодна з арт.29 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадзянін, які з прычыны псіхічнага расстройства (душэўнай хваробы або недаўсціпу) не можа разумець значэння сваіх дзеянняў або кіраваць сваімі дзеяннямі, можа быць прызнаны судом недзеяздольным. Фактычна, страта дзеяздольнасці з’яўляецца сур’ёзным абмежаваннем, якое пазбаўляе чалавека права самастойна вырашаць практычна ўсе пытанні свайго жыцця.

Згодна з ст.373 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, справа аб прызнанні грамадзяніна недзеяздольным з прычыны душэўнай хваробы або недаўсціпу можа быць распачатая па заяве членаў яго сям’і, а ў выпадку іх адсутнасці – блізкіх сваякоў, пракурора, органа апекі і папячыцельства, псіхіятрычнай (псіханеўралагічнай) арганізацыі аховы здароўя. Заява аб прызнанні грамадзяніна недзеяздольным падаецца ў суд па месцы жыхарства гэтага грамадзяніна, а калi гэтая асоба змешчана ў псіхіятрычную (псіханеўралагічную) арганізацыю аховы здароўя, – па месцы знаходжання псіхіятрычнай (псіханеўралагічнай) арганізацыі аховы здароўя.

Грамадзянін можа быць прызнаны недзеяздольным толькі судом, і падставай для прызнання грамадзяніна недзеяздольным з’яўляецца не ўсякае псіхічнае расстройства, а толькі такое, якое пазбаўляе яго магчымасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі.

Прызнанне грамадзяніна недзеяздольным ажыццяўляецца судом з улікам заключэння судова-псіхіятрычнай экспертызы. Як удакладняюць юрысты Офіса па правах людзей з інваліднасцю, экспертыза часта грунтуецца на выпісцы з гісторыі хваробы, некаторых іншых дакументах. Прысутнасць чалавека, якога дзеяздольнасці “пазбаўляюць”, у судзе лічыцца неабавязковай, хоць на момант суду грамадзянін яшчэ дзеяздольны і мае права ўдзельнічаць у судовым працэсе.

Пры гэтым, да прыкладу, у адпаведнасці з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў”, пісьмовыя і электронныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі ад імя недзеяздольных грамадзянаў падаюцца іх законнымі прадстаўнікамі, вусныя звароты таксама выкладаюцца законнымі прадстаўнікамі на асабістым прыёме. Апекуны альбо законныя прадстаўнікі здзяйсняюць ад імя недзеяздольных усе здзелкі.

Адпаведна, у суд з заявай аб аднаўленні дзеяздольнасці грамадзяніна могуць звяртацца сваякі, апякун ці іншыя законныя прадстаўнікі. Ініцыяванне працэсу аднаўлення дзеяздольнасці залежыць ад рашэння іншых асобаў, сам недзеяздольны грамадзянін такога права не мае. Фактычна, законны прадстаўнік асобы, які страціў дзеяздольнасць, павінен звярнуцца ў суд з заявай аб аднаўленні дзеяздольнасці, калі для гэтага ёсць падставы (напрыклад, наступіла стадыя рэмісіі). Аднак, як паказвае практыка, ёсць канкрэтныя выпадкі, калі гэтага не адбываецца: напрыклад, грамадзянка П., якая звярнулася ў Офіс, пражывае асобна ад сваёй дачкі-апекуна і можа самастойна сябе абслугоўваць, аднак аднавіць дзеяздольнасць не можа, бо яе правы перададзеныя дачцы, ня зацікаўленай у гэтым.

Спецыялісты Офіса звярнуліся ў розныя дзяржаўныя ведамствы (у паліклініку, дзе абслугоўваецца грамадзянка П., гарадскі псіханеўралагічны дыспансер, пракуратуру па месцы жыхарства і інш) з просьбай разгледзець справу грамадзянкі П. Аднак адказ пакуль такі: “падставаў для звароту ў суд з заявай аб прызнанні П. дзеяздольнай не маецц”. Пры гэтым, адпісваюцца адказныя органы, няма фактаў, якія сведчаць аб неналежным выкананні абавязкаў апекуном.

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Вольга Трыпуцень звяртае ўвагу на стэрэатыпы, якія існуюць у грамадстве:

- Многія стэрэатыпна лічаць, што чалавек, пазбаўлены дзеяздольнасці, небяспечны. Гэта не заўсёды так: напрыклад, чалавек, які пакутуе на недаўсціп, не ўяўляе ніякай пагрозы, ён можа працаваць, выконваючы нескладаную працу.

Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што важна ініцыяваць унясенне змяненняў у заканадаўства, якія будуць прадугледжваць магчымасць самастойнага ініцыявання аднаўлення дзеяздольнасці асобай, яе пазбаўленай. Такая практыка ўжо прыйшла ў Расію: у красавіку 2011 года былі ўнесены змены ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Расійскай Федэрацыі, у адпаведнасці з якімі цяпер сам грамадзянін можа звяртацца ў суд з заявай аб аднаўленні сваёй дзеяздольнасці, незалежна ад рашэння свайго апекуна. У такім судовым працэсе недзеяздольны грамадзянін выступае ад свайго імя, ён мае права самастойна запрасіць адваката, абскардзіць судовае рашэнне. Прадастаўленне грамадзяніну права звяртацца ў суд з заявай аб аднаўленні сваёй дзеяздольнасці з’яўляецца не толькі працэсуальнай фармальнасцю, такое права – прызнанне неад’емнага права кожнага чалавека быць самастойнай асобай, патрабаваць павагі да сваёй годнасці.

Кейс падрыхтаваны ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць”