Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Інваліднасць "па працы": хто заплаціць за вытворчую траўму?

12/07/2013

Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” скіравала ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь просьбу аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 2008 г. № 308 “Аб некаторых пытаннях абавязковага дзяржаўнага страхавання супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, пракурорскiх работнiкаў, работнікаў органаў па надзвычайных сітуацыях, работнікаў органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю”. Такія дзеянні абумоўлены неаднаразовымі зваротамі ў Офіс грамадзянаў, якія набылі інваліднасць у выніку вытворчай траўмы пры ўстаноўленым факце ўзаемнай віны наймальніка і працаўніка.

У адпаведнасці з дзейным дакументам, сёння да страхавых не адносяцца выпадкі, калі прычыненне шкоды здароўю застрахаванай асобы наступіла з прычыны парушэння ёй правілаў тэхнікі бяспекі; у выпадку ўзаемнай віны не прадугледжана і страхавая выплата.

Яскравым прыкладам, які ілюструе гэтую праблему, стаў выпадак Алега Малевіча, начальніка каравульнай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 6 Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. У 2009 годзе, у час выканання службовых абавязкаў, ён, у выніку падзення з вышыні, атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да інваліднасці. У акце няшчаснага выпадку і заключэнні спецыяльнага расследавання па гэтай справе ўстаноўленая ўзаемная віна як пацярпелага, так і кіраўніцтва Баранавіцкага ГРАНС. У дакументах адзначаецца, што, па віне кіраўніцтва, грамадзянін Малевіч не быў забяспечаны неабходным будаўнічым матэрыялам і дапаможным абсталяваннем, якія патрабуюцца для забеспячэння надзейнай і бяспечнай працы. Атрымліваецца, пацярпелы парушыў правілы аховы працы і тэхнікі бяспекі з-за адсутнасці агароджаў, ахоўных паясоў (адсутнічалі страховачныя ліны і верхалазныя ахоўныя прылады), стандартных рыштаванняў у неабходнай колькасці (недастатковая трываласць і ўстойлівасць рыштаванняў, насцілаў, люлек) і г.д.

У выпадку, які разглядаецца, віну кіраўніцтва можна назваць першапрычынай таго, што здарылася, а віну пацярпелага – вынікам. Пры наяўнасці вышэйзгаданых сродкаў бяспекі верагоднасць няшчаснага выпадку была б мінімальнай. Аднак БРУСП “Белдзяржcтрах” адмовіў Алегу Малевічу ў страхавой выплаце, не знайшоўшы законных падставаў для прызнання гэтага выпадку страхавым, спаслаўшыся на п.6 вышэйназванай Пастановы.

У адпаведнасці з іншым заканадаўчым актам – Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2001 г. № 52 “Аб зацвярджэнні правілаў працы падчас работы на вышыні”, наймальнік абавязаны забяспечыць бяспеку работнікаў і абарону ад рызыкі ўсіх асобаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад працоўных месцаў або месца працы, якая вядзецца. Зыходзячы з гэтага, юрысты Офіса па правах людзей з інваліднасцю лічаць, што такое становішча справаў супярэчыць прынцыпам прапарцыйнасці (абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзянаў і дзяржавы, быць сацыяльна апраўданымі, з’яўляцца адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцяў) і сацыяльнай справядлівасці.

Офіс просіць Савет Міністраў разгледзець магчымасць унясення змяненняў і дапаўненняў у Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 2008 г № 308 адносна страхавых выплатаў пры ўстанаўленні ўзаемнай віны.