Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Маніторынг зваротаў грамадзян у юрыдычную прыёмную: «Чалавек з інваліднасцю не ведае пра свае правы...»

17/09/2012

"Галоўная праблема - чалавек з інваліднасцю не ведае пра свае правы", - такая заява прагучала на прэзентацыі гадавога Маніторынгу зваротаў грамадзян у Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

"Офіс па правах людзей з інваліднасцю працуе ўжо год. За гэты час да нас паступіла 1431 звароты грамадзян, з іх 863 было прынята да дэталёвага разгляду. Большасць зваротаў паступіла з г. Мінска - 509, з рэгіёнаў - 354", - распавёў прысутным каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі.
 
 
Падзел зваротаў на катэгорыі выглядае наступным чынам:
 
• Дастатковы жыццёвы ўзровень і сацыяльная абарона: 437 (51%)
• Самастойны лад жыцця і ўцягнутасць у мясцовую супольнасць: 103 (12%)
• Праца і занятасць: 93 (11%)
• Даступнасць (уключаючы безбар'ернае асяроддзе): 87 (10%)
• Здароўе: 62 (7%)
• Абілітацыя і рэабілітацыя: 31 (4%)
• Адукацыя: 18 (2%)
• Удзел у культурным жыцці, правядзенне вольнага часу, адпачынак і заняткі спортам: 6 (1%)
• Свабода і асабістая недатыкальнасць: 6 (1%)
• Доступ да правасуддзя: 9 (1%)
• Індывідуальная мабільнасць: 7 (1%)
• Свабода перамяшчэння і грамадзянства: 3 (0%)
• Свабода выказвання меркаванняў і перакананняў і доступ да інфармацыі: 1 (0%)
 
«Людзі, якія прыходзяць да нас, перш за ўсё шукаюць адказ на пытанні: «Як выжыць?»,«Як паесці?», «Як і дзе паспаць?». На жаль, пакуль чалавек не вырашыць вось такія элементарныя праблемы ніжэйшага парадку, ён не можа думаць аб «высокіх матэрыях», аб самарэалізацыі і нават аб працаўладкаванні. З паўтары тысячы зваротаў у юрыдычную кансультацыю Офіса галоўная доля прыпадае менавіта на пытанні аб дастатковым узроўні жыцця і сацыяльнай абароне, - працягнуў С. Драздоўскі. - На другім месцы па колькасці зваротаў стаіць праблема самастойнага ладу жыцця і ўцягнутасці ў мясцовую супольнасць. Гэта і зразумела, у чалавека з інваліднасцю велізарная колькасць абмежаванняў: у перамяшчэнні, у зносінах, у выбудоўванні эканамічных і сацыяльных стасункаў з грамадствам. Адсутнасць сацыяльных службаў, індывідуальных памочнікаў толькі пагаршае гэтую сітуацыю. На трэцім месцы - працаўладкаванне і занятасць. Гэта тыя «кіты», якія дапамагаюць чалавеку весьці незалежнае паўнавартаснае жыццё. І менавіта працаўладкаванню людзей з інваліднасцю характэрная такая праблема, як дыскрымінацыя: працадаўца дзеліць усіх прэтэндэнтаў на дзве катэгорыі: інвалід і, уласна, паўнавартасны працаўнік. Асаблівае месца сярод зваротаў займаюць пытанні даступнасці. Яны тычацца не толькі безбар'ернага асяроддзя, але і больш шырокага паняцця даступнасці - эканамічнай, сацыяльнай, даступнасці правасуддзя. Так, напрыклад, у беларускіх судах не толькі ёсць шэраг працэсуальных прабелаў, якія робяць сістэму правасуддзя недаступнай для чалавека з інваліднасцю, але і элементарна не выкананыя нормы безбар'ернага асяроддзя - чалавек проста не можа трапіць у будынак суда».
Перад прысутнымі выступіла юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Вольга Трыпуцень. Яна таксама патлумачыла галоўную праблему, закранутую Сяргеем Драздоўскім у пачатку прэзентацыі: «Чалавек з інваліднасцю не валодае інфармацыяй аб сваіх правах. А гэта велізарны прабел у працы тэрытарыяльных цэнтраў і службаў сацыяльнай абароны. Таксама існуе вялікая розніца паміж Мінскам і рэгіёнамі: людзі ў рэгіёнах проста не маюць доступу да інфармацыі, не ведаюць, куды і да каго звярнуцца. Яны ідуць да нас, нават не спрабуючы звяртацца ў дзяржаўныя органы мясцовай улады. Мабыць не вераць, што там ім могуць дапамагчы. Але ёсць і такія, якія стукаліся ва ўсе дзверы, перш чым прыйсці ў наш Офіс. Яны практычна страцілі веру ў тое, што іх праблему можна вырашыць».
«Калі б такіх арганізацыяў, як наша, быў дзясятак, ды яшчэ ў кожным рэгіёне, то, вядома, праблемы людзей з інваліднасцю вырашаліся б нашмат хутчэй і прасцей, - падсумаваў Сяргей Драздоўскі. - Але пакуль дзяржава не зацікаўленая ў пашырэнні падобных арганізацыяў. Таму трэба шукаць іншыя шляхі вырашэння праблемы».