Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Маніторынг зваротаў грамадзян за люты 2013 года

01/04/2013

Перыяд: люты 2013

За перыяд з 8 лютага па 28 лютага 2013 года ў ППУ «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» паступіла 43 звароты грамадзян, з якіх 10 - гэта звароты, якія паступілі непасрэдна ў выглядзе пытанняў на сайт.

23 звароты было прынята да дэталёвага разгляду юрыстам Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

Звярнуліся грамадзяне (у лічбах):

Жанчыны: 12

Мужчыны: 11

З 1 групай інваліднасці: 7

З 2 групай інваліднасці: 6

З 3 групай інваліднасці: 9

Дзеці:

З 4 ступенню страты здароўя: 1

Звароты, якія знаходзяцца на разглядзе: 5

Звароты з г. Мінска: 13

Звароты з рэгіёнаў: 10

У справаздачным перыядзе разгледжана:

1.Звароты, якія тычацца працы і занятасці: 3

2. Звароты, якія тычацца дастатковага жыццёвага ўзроўню і сацыяльнай абароны (у тым ліку асноўных правоў і льготаў, дапамогі, адраснай сацыяльнай дапамогі): 7

3. Звароты, якія тычацца здароўя (уключаючы ўстанаўленне групы інваліднасці, пераагляд, аздараўленне): 9

4. Звароты, якія тычацца даступнасці (жыллёвыя пытанні, безбар'ернае асяроддзе): 3

5. Звароты, якія тычацца ўдзелу ў культурным жыцці, правядзення вольнага часу і адпачынку і занятку спортам: 1

Найбольшая колькасць зваротаў за справаздачны перыяд утрымлівала пытанні дастатковага жыццёвага ўзроўню і сацыяльнай абароны, а таксама пытанні здароўя.

У якасці прыкладу звароту, што датычыцца здароўя, можна прывесці наступны. Грамадзянін А. звярнуўся з пытаннем - якія ўстановы аховы здароўя (арганізацыі) маюць права выдаваць лісткі непрацаздольнасці і які парадак падаўжэння лісткоў непрацаздольнасці, калі медыцынская дапамога аказваецца ў амбулаторных умовах?

Адказ на гэтае пытанне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 9 лiпеня 2002 г. N 52/97 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку выдачы і афармлення лістка непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці».

Дадзеная Інструкцыя рэгулюе парадак выдачы і афармлення дакументаў, якія сведчаць пра часовую непрацаздольнасць.

Дакументамі, якія сведчыць пра часовую непрацаздольнасць, з'яўляюцца лісток непрацаздольнасці (далей ЛН) і даведка аб часовай непрацаздольнасці (далей - даведка).

ЛН выдаецца (падаўжаецца) у выпадку ўстанаўлення ў пацыента часовай непрацаздольнасці, якая можа ўзнікаць пры вострых захворваннях (траўмах), крызавых станах, абвастрэнні (дэкампенсацыі) хранічных захворванняў і г.д., калі ажыццяўленне працоўнай дзейнасці пацыенту недаступна або проціпаказана паводле стану здароўя.

ЛН выдаецца з дня ўстанаўлення часовай непрацаздольнасці. Падаўжэнне альбо закрыццё ЛН ажыццяўляецца ў апошні дзень вызвалення ад працы.

Грамадзянін А. быў праінфармаваны аб парадку падаўжэння ЛН у выпадку, калі медыцынская дапамога аказваецца ў амбулаторных умовах. Так, ЛН выдаецца пацыенту ў дзень ўстанаўлення часовай непрацаздольнасці на тэрмін да 10 каляндарных дзён уключна адначасова або па частках.

Падаўжэнне ЛН на тэрмін, які перавышае 10 каляндарных дзён ад пачатку выпадку часовай непрацаздольнасці (рашэння медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (далей - МРЭК) аб падаўжэнні лячэння), ажыццяўляецца сумесна з загадчыкам аддзялення (пры яго адсутнасцi - старшынём УКК, намеснікам галоўнага лекара, галоўным лекарам) на агульны тэрмін да 30 каляндарных дзён уключна адначасова або па частках пры неабходнасці больш частага назірання за пацыентам.

Пытанне аб прадаўжэнні ЛН на тэрмін, які перавышае 30 (60, 90, 105, а пры захворванні на сухоты - 60, 90, 120, 150, 165) каляндарных дзён ад пачатку выпадку часовай непрацаздольнасці (рашэння МРЭК аб працягу лячэння), вырашаецца УКК арганізацыі аховы здароўя. Падаўжэнне ЛН на падставе рашэння УКК ажыццяўляецца лекарам, які лечыць, сумесна з загадчыкам аддзялення (пры яго адсутнасцi - старшынём УКК, намеснікам галоўнага лекара, галоўным лекарам).

Калі ж часовая непрацаздольнасць пры лячэнні ў амбулаторных або стацыянарных умовах па адным або розных захворванням (траўмам), у сувязі з доглядам за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд за дзіцём, працягваецца больш за 30 каляндарных дзён запар, ЛН падаўжаецца пасля агляду на УКК на 30, 60, 90 і 105-ы каляндарны дзень ад пачатку часовай непрацаздольнасці, а пры захворванні на сухоты - на 30, 60, 90, 120, 150, 165-ы каляндарны дзень. Пры паўторных выпадках абвастрэнняў аднаго або этыялагічна звязаных захворванняў агляд пацыентаў на УКК праводзіцца, калі сумарная часовая непрацаздольнасць (пры двух і больш выпадках) за апошнія 12 месяцаў склала 120, 135 каляндарных дзён, а пры сухотах - 150, 180, 210, 225 каляндарных дзён.

Вышэйназваная пастанова таксама рэгулюе пытанні выдачы і падаўжэння ЛН для:

• асобаў, скіраваных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў дзяржаўную ўстанову «Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі ветэранаў і інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў»;

• асобаў, скіраваных на спелеалечэнне па медыцынскіх паказаннях;

• асобаў, скіраваных за мяжу на кансультацыю або для атрымання медыцынскай дапамогі;

• пацыентаў, якія пакутуюць на кардыялагічныя, анкалагічныя захворванні;

• і іншых асобаў.

Што да дзяржаўных органаў (іншых арганізацыяў), у якія грамадзяне павінны звяртацца (п.7.5 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 200 ад 26 красавіка 2010 года «Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзянаў») за выдачай ЛН (даведак аб часовай непрацаздольнасцi), то гэта могуць быць:

• бальніца,

• шпіталь,

• медыка-санітарная частка,

• дыспансер,

• радзільны дом,

• цэнтр,

• паліклініка,

• амбулаторыя,

• клініка медыцынскай установы адукацыі,

• пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр,

• медыцынскі навукова-практычны цэнтр,

• медыцынскі рэабілітацыйны цэнтр,

• пункт аховы здароўя,

• фельчарска-акушэрскі пункт,

• медыцынскія падраздзяленні воінскіх частак (арганізацыяў), ваенных навучальных установаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, у якіх прадугледжана ваенная служба.