Падведзены вынікі конкурсу “Стварэнне сімвала Даступнасць”, які арганізавала асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. Намінанты і пераможцы былі аб’яўленыя сёння на Цырымоніі ўзнагароджання, якая прайшла ў рамках падзеі “Тыдзень Даступнасці”.
Пераможцаў абвясціў вядучы цырымоніі член журы Аляксандр Шавялевіч (Kryn - Starcom Mediavest Groupe Belarus).
Пераможцам канкура стала праца творчага калектыву - Мухіна Марыя і Усцінава Марына.
Таксама былі названыя пераможцы ў намінацыях. Дыплом “За арыгінальную аўтарскую працу” атрымала Аліна Мурончык. Дыплом “За актыўны ўдзел” атрымала Ларыса Манахава.
Генеральны партнёр Беларускі партал TUT.BY таксама праводзіць галасаванне па выбары пераможцы сярод сваіх чытачоў. Але вынікі галасавання TUT.BY будуць абвешчаныя 24 траўня.
Перад прысутнымі выступіў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: “Мы вельмі ўдзячныя ўсім удзельнікам, якія даслалі працы на конкурс. Бо вельмі шмат хто ў грамадстве разумее, наколькі востра зараз стаіць праблема Даступнасці ў дачыненні да бар’ераў інваліднасці. І мы лічым вельмі важнай публічную дыскусію як візуалізаваць, зрабіць бачным паняцце Даступнасці, зрабіць яго зразумелым і агульным для шырокай грамадскасці. Конкурс адкрывае яшчэ адзін спосаб шырокага абмеркавання ў грамадстве праблемы: як нам прыйсці ад забеспячэння даступнасці да роўнасці. Не выпадкова, што Цырымонія ўзнагароджання праходзіць у рамках унікальнай падзеі “Тыдзень Даступнасці”, якая праходзіць цяпер у Беларусі. Мы выдатна разумелі складанасць і глабальнасць задачы для канкурсантаў. Але важна, што зроблены першы крок і асабліва цешыць, што столькі творчых людзей, дызайнераў, рэкламных агенцтваў не засталіся абыякавымі да нашага прызыву і прынялі ўдзел у стварэнні сімвала Даступнасці. І выбраўшы пераможцаў конкурсу сярод творчых людзей, мы не закрываем абмеркаванне сімвала Даступнасці. Паводле нашага меркавання, наступным этапам павінна стаць пашырэнне дыскусіі пра сімвал, як спосаб разумення і прыняцця даступнасці як неад’емнай якасці нашага жыцця”.
Прадстаўляем Вашай увазе журы конкурсу “Стварэнне сімвала Даступнасць”:
- Кірыла Валошын (Беларускі партал TUT.BY)
- Пётр Папялушка (рэкламны холдынг SMG Belarus)
- Александ Шавялевіч (Kryn - Starcom Mediavest Groupe Belarus)
- Ігар Самкін (Асацыяцыя рэкламных арганізацый)
- Ніна Шыдлоўская (Рада Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, каардынатар культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”)
- Алена Макоўская (Міжнароднае грамадскае аб'яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, каардынатар культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”)