Офіс па правах людзей з інваліднасцю працягвае цыкл рэгіянальных сустрэч дзеля ўдзелу грамадскасці ў працэсе падрыхтоўкі дзяржаўных праграмаў. Апошняя сустрэча адбылася ў Магілёве, перад гэтым сустрэчы прайшлі ў Віцебску, Мінску, Брэсце.
Як падкрэслівае каардынатар праекта Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, дзяржаўныя праграмы распрацоўваюцца і зацвярджаюцца на міністэрскім узроўні, рэалізоўваюцца – на мясцовым, а вось якасць гэтых дакументаў залежыць непасрэдна ад таго, наколькі ў іх знайшлі адлюстраванне існуючыя рэаліі. Што ўключыць у дзяржпраграмы і як іх палепшыць, часцяком ведаюць грамадскія арганізацыі, якія працуюць з тэмай, – таму не трэба недаацэньваць іх патэнцыйны ўклад. Акрамя таго, удзел у фармаванні дзяржпраграмаў – гэта шанец унесці ў заканадаўства нормы, арыентаваныя на прынцыпы Канвенцыі аб правах інвалідаў, якія збліжаюць яго з міжнародным.
У ідэале дзяржпраграмы ў сферы інваліднасці ўплываюць на якасць жыцця кожнага канкрэтнага чалавека і адыходзяць ад нейкіх усярэдненых нормаў, якія “пасуюць усім”. Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што тэрмін “якасць жыцця” заканадаўча не вызначаны ў Беларусі, таму і ацэнкі якасці жыцця носяць суб’ектыўны характар.
– Узровень сацыяльнай абароны людзей з інваліднасцю ў Еўропе нашмат вышэйшы, што шмат у чым з’яўляецца заслугай людзей. Еўрапейцы склалі рэйтынг крытэраў, які дазваляе ацаніць якасць жыцця кожнага канкрэтнага чалавека. Сярод гэтых крытэраў – магчымасць удзелу індывіда, які мае інваліднасць, у культурным жыцці, доступ да інфармацыі і камунікацыяў, магчымасць вучыцца і працаваць, карыстацца грамадскім транспартам і гэтак далей, – адзначае спецыяліст. – Усё гэта становіцца асновай для стварэння агульнаеўрапейскай праграмы ў сферы інваліднасці, якая ўлічвае персаналізаваныя інтарэсы.
Ёсць пэўныя бар’еры, з якімі сутыкаюцца грамадскія дзеячы, якія спрабуюць працаваць з дзяржаўнымі органамі.
– Гэта, да прыкладу, псіхалагічныя праблемы, прычым як з боку людзей, якія саромеюцца сваёй інваліднасці, так і з боку чыноўнікаў, да якіх трэба ісці, – дзеліцца назіраннямі старшыня Магілёўскай арганізацыі рэабілітацыі і спорту інвалідаў-калясачнікаў Алег Юркоў. – Часта няма зваротнай сувязі ад чыноўнікаў, якім барабаніш у дзверы.
Ён таксама адзначае, што трэба наладзіць грамадскі маніторынг і кантроль выканання дзяржаўных праграмаў. Толькі ў гэтым выпадку яны будуць не “для птушкі”. Такі досвед грамадскіх кансультантаў ёсць у Расіі, яны дапамагаюць чыноўнікам.
Акрамя таго, грамадскія дзеячы часцяком гатовыя на бязвыплатнай аснове кансультаваць дзяржведамствы ў пытаннях, напрыклад, звязаных з даступнасцю асяроддзя. Яны ведаюць праблемы “не паводле кніжак і фармальных дакументаў”, а з рэальнага жыцця.
– Мы заўсёды гатовыя прыняць прапановы грамадскасці і, па магчымасці, улічыць іх у новых дзяржпраграмах, – адзначае начальнік аддзела стацыянарнага абслугоўвання састарэлых і інвалідаў Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Сцяпанава. – Канструктыўныя прапановы ў новыя дзяржпраграмы можна падаваць ужо зараз, таму што на падрыхтоўку гэтых дакументаў неабходна пэўны час.