«Для мяне вар'яцтва - гэта сядзець перад тэлевізарам і марыць аб тым,
што вы самі маглі б рабіць». Эндру Хэлсі
Брытанец Эндру Хэлсі прыехаў у Беларусь па запрашэнні сяброў, каб на ўласным прыкладзе распавесці, як, будучы чалавекам з інваліднасцю і маючы дыягназ «эпілепсія», можна весці паўнавартаснае жыццё і нават здзяйсняць асабістыя экстрэмальныя подзвігі. У 1997 годзе Эндру Хэлсі, узяўшы адзін урок па веславанні, зрабіў некалькі трэніровачных заездаў па рацэ Мерсі і ў адзіночку перасёк Атлантычны акіян ад Тэнэрыфэ да выспы Сэнт-Люсіі ў Вест-Індыі, пераадолеўшы 4800 км за 116 дзён. У 1999 годзе ён вырашыў перасекчы Ціхі акіян па маршруце Каліфорнія - Аўстралія. Аднак праз 267 дзён, страціўшы 30 кг вагі, з-за цяжкіх умоваў надвор'я і недахопу ежы Хэлсі прызнаў, што не можа працягваць падарожжа.
31 кастрычніка пан Хэлсі сустрэўся з беларускімі журналістамі і адказаў на пытанні пра жыццё з інваліднасцю, сваю працу і пра тое, як ён у адзіночку перасёк Атлантычны акіян.
«Да хваробы я працаваў мясніком, муляром, прадаўцом. Але ў мяне была даўняя дзіцячая мара, - пачаў свой аповед пан Хэлсі. - Калі мне было 9 гадоў, некалькі смельчакоў спрабавалі перасекчы Атлантыку. Пасля ўрокаў я бег да тэлеэкрана і з захапленнем сачыў за навінамі пра падарожжа. На жаль, гэтыя людзі зніклі ў акіяне, і я ніяк не мог з гэтым змірыцца. Таму, калі я даведаўся аб сваім дыягназе «эпілепсія», я ўспрыняў гэта не як абмежаванне, а як магчымасць даказаць сабе, што я змагу ажыццявіць сваю мару».
«Вельмі складана было збіраць фінансы для першага падарожжа, - распавёў Эндру Хэлсі. - Патэнцыйныя спонсары, даведаўшыся, што ў мяне эпілепсія, адмаўляліся ад удзелу ў прадпрыемстве. Яны казалі мне, што я вар'ят. У мяне былі нейкія ўласныя сродкі. Мне дапамаглі сябры. Для другога падарожжа я ўжо змог сабраць спонсарскія грошы. Мабыць, людзі паверылі ў мае сілы. Мае лодкі і ў першым, і ў другім выпадку былі абсталяваны адмысловымі сродкамі для фіксацыі майго цела ў момант эпілептычнага прыступу, каб я не ўпаў у ваду. Мне нават страшна падумаць, што было б у гэтым выпадку...»
«У мяне часта пытаюцца пра акул, - смяецца Эндру. - Што я магу сказаць з гэтай нагоды? Пасля падарожжа адна лэдзі паказала мне фота акулы і спытала: «Што гэта? Гэта акула»? Я засмяяўся і сказаў: «Ды не, гэта сьняданак».
Ствараючы ўражанне таварыскага і камунікабельнага чалавека, п.Хэлсі некалькі разоў падкрэсліў, што яго зусім не прыгнятала адзінота падчас падарожжа: «Адзінота з'яўляецца вялізным выпрабаваннем падчас знясільваючага і цяжкага падарожжа. Ваша свядомасць і так можа здрадзіць Вам з-за спякоты, пастаяннага недахопу сну і нармальнай ежы. А яшчэ і адсутнасць стасункаў... Аднак я лёгка перанёс самоту, напэўна прывык. Адзіночнае падарожжа нават дапамагло даказаць мне, што чалавек з эпілепсіяй МОЖА абыходзіцца сам, без старонняй дапамогі, падчас прыступу. Я зразумеў, што магу пра сябе паклапаціцца сам. Хоць, вядома, прыступы дастаўлялі мне нямала непрыемнасцяў. Самае жудаснае, што я часта пасля прыступу губляю памяць, проста не памятаю, што было ў апошнія гадзіну-дзве. Першы мой прыступ у моры здарыўся адразу пасля старту. Я ачуняў у лодцы. І тут мяне заўважыла берагавая ахова. Дзякуючы тэленавінам аб старце майго падарожжа, яны мяне пазналі і сталі віншаваць, жадаць добрай дарогі. А я глядзеў на іх і не разумеў, якой такой дарогі яны мне жадаюць і з якой нагоды віншаванні...»
Вельмі шмат пытанняў было пра тое, як правільна падрыхтавацца да падобнага падарожжа і якія цяжкасці чакаюць вандроўніка ў дарозе. «Сон - вось самая вялікая праблема. - Падзяліўся сваім досведам Э.Хэлсі. - Спаць прыходзілася ў жудасных умовах: вада ў лодцы, пастаянны шум, хвалі, нават рыбы, якія проста заскокваюць у лодку, прымаючы яе за марскую хвалю. У лодцы немагчыма выцягнуць ногі, даводзіцца праводзіць ноч у позе эмбрыёна. Што тычыцца вады, то я браў з сабой запас прэснай вады ў першае падарожжа. У другім падарожжы ў мяне было абсталяванне для перапрацоўкі салёнай вады ў прыдатную для піцця. І, вядома, я стараўся збіраць кожную дажджавую кроплю, добра, што на экватары дождж бывае амаль кожны вечар. Ежа - таксама тэма для размовы. Трэба браць тое, што насычае: складаныя вугляводы, фасолю, сою. І не забывайце, што ў вас заўсёды будзе на абед рыба».
«Падарожжа дало мне магчымасць адкрыць сябе наноў, даведацца аб сваіх схаваных здольнасцях і асобасных якасцях. Я пачаў пісаць і ўносіў у нататнік усе мае падарожныя нататкі. Нядаўна паводле гэтых запісаў была выдадзена кніга «Ўраган Хэлсі». Дарэчы, брытанскія журналісты так і называюць мяне - «ураганны Хэлсі». Гэта за маю здольнасць пастаянна трапляць ва ўраганы падчас падарожжа».
Пасля сустрэчы з журналістамі п.Хэлсі наведаў Цэнтр рэабілітацыі Беларускага таварыства інвалідаў. У гутарцы з супрацоўнікамі Цэнтра рэабілітацыі і Офіса па правах людзей з інваліднасцю, Эндру Хэлсі адзначыў, наколькі карысны і важны падобны інвацэнтр для людзей з інваліднасцю: тут яны могуць займацца спортам і мастацтвам, мець зносіны і атрымліваць дапамогу спецыялістаў. Асаблівую ўвагу Эндру прыцягнуў кампутарны клас: «Мне б не перашкодзіла пазаймацца ў такім класе і павучыцца кампутарнай грамаце. Я да гэтага часу пішу лісты на паперы і свой першы e-mail завёў толькі 5 месяцаў таму».
Аднак Э.Хэлсі адзначыў, што вельмі многае яшчэ трэба будзе зрабіць у Беларусі ў пытаннях інваліднасці і даступнасці. Асабліва яго ўразілі беларускія паркоўкі і адсутнасць жадання аўтамабілістаў разумець, што паркоўкі для інвалідаў не прызначаны для ўсіх. Пан Хэлсі падзяліўся досведам барацьбы з «аматарамі няправільнай паркоўкі» ў Вялікабрытаніі, дзе праблема вырашалася зменай грамадскай думкі і высокімі штрафамі. У канцы сустрэчы Эндру Хэлсі выказаў зацікаўленасць у далейшых стасунках з беларускімі калегамі.