Кейс падрыхтаваны спецыялістамі Офіса па правах людзей з інваліднасцю
У Офіс па правах людзей з інваліднасцю звярнулася сям’я А. (г. Бабруйск), у якой выхоўваецца іх непаўнагадовая дачка, якая з’яўляецца інвалідам дзяцінства (4 ступень страты здароўя).
Рашэннем Бабруйскага гарвыканкама ад 25 лістапада 2003 года № 23-25 гэтай сям’і быў прадастаўлены зямельны ўчастак плошчай 0,0015 гектара для ўстаноўкі металічнага гаража на прыдамавой тэрыторыі жылога дома. Падставай для выдзялення гэтага ўчастка на той момант з’яўляліся:
- артыкул 41 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі;
- Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 667 ад 27 снежня 2007 года.
Аднак у студзені 2012 года сям’і А. рашэннем таго ж выканкама было адмоўлена (са спасылкай на ўсё той жа артыкул 41 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі) у прадаўжэннi тэрмiну часовага карыстання зямельным участкам для ўстаноўкі часовага індывідуальнага гаража на прыдамавой тэрыторыі. Сям’я таксама атрымлівала адмовы і на асабістым прыёме ў кіраўніцтва выканкама. Падставай з’явілася тое, што не само дзіця з’яўляецца ўладальнікам наяўнага ў сям’і транспартнага сродку, а бацька дзяўчынкі.
Пракуратурай Ленінскага раёна г. Бабруйска падставаў для вынясення пратэсту на рашэнне Бабруйскага гарвыканкама не выяўлена. Гэтая адмова ўтрымлівае ў сабе спасылку на рашэнне землеўпарадкавальнай службы Бабруйскага гарвыканкама аб тым, што сям’я не адносіцца да ліку ільготнікаў (бацька, як уласнік аўтамабіля, не адносіцца да катэгорыі інвалідаў). Пры гэтым наяўнасць у сям’і дзіцяці-інваліда з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, сапраўды, у заканадаўстве на той момант ніяк не ўлічвалася.
У адпаведнасці з артыкулам 13 Закона Рэспублікі Беларусь № 2570-XII “Аб правах дзіцяці” дзіця мае права ажыццяўляць абарону правоў і інтарэсаў праз сваіх законных прадстаўнікоў. Па гэтай прычыне ў бацькоў дзяўчынкі не ўзнікала раней праблемаў з гаражом, тым больш абсурднай здавалася думка “пераафармлення на непаўнагадовую дачку аўтамабіля”.
Пачынаючы з 2008 года Кодэкс Рэспублікі Беларусь (з моманту першай рэдакцыі) істотных змяненняў у частцы катэгорый грамадзян, якія маюць права на зямельныя ўчасткі для будаўніцтва гаражоў, не зведаў. Да таго ж, артыкул 32 Закона Рэспублікі Беларусь № 1224-XII вызначае, што “інвалідам з парушэннем апорна-рухальнага апарата прадастаўляецца права на будаўніцтва гаража паблізу месца жыхарства”.
Пасля звароту спецыялістаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Бабруйскі выканкам атрымаў рэкамендацыі аб прадаўжэнні тэрміну карыстання зямельным участкам для сям’і А.
Юрысты Офіса па правах людзей з інваліднасцю склалі паўторны зварот у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай правесці праверку і прыняць меры пракурорскага рэагавання з прычыны таго, што сям’і, якая выхоўвае непаўналетняга дзіця-інваліда (з парушэннем апорна-рухальнага апарата), было адмоўлена ў прадаўжэннi тэрмiну часовага карыстання зямельным участкам для ўстаноўкі часовага індывідуальнага гаража на прыдамавой тэрыторыі.
Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь “у мэтах забеспячэння прынцыпу сацыяльнай справядлівасці ў галіне аказання дзяржаўнай падтрымкі паўналетнім інвалідам і сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў”, была скіраваная інфармацыя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб разглядзе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку пытання аб дапаўненні артыкула 41 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі “нормай аб тым, каб надаць бацькам (асобам, што iх замяняюць), якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата і якія маюць ва ўласнасці транспартны сродак, права на прадастаўленне зямельнага ўчастка ў часовае валоданне для ўстаноўкі гаража”.
22 студзеня 2013 г. Законам Рэспублікі Беларусь № 17-З былі ўнесены змены і дапаўненні да Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, у тым ліку, у артыкул 41. Цяпер прадастаўленне зямельных участкаў для будаўніцтва і (або) абслугоўвання гаражоў і аўтамабільных стаянак, будаўніцтва (устаноўкі) часовых індывідуальных гаражоў належыцца таксама асобам, у якіх ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку знаходзяцца на выхаванні дзеці-інваліды з парушэннем апорна-рухальнага апарата ва ўзросце да 18 гадоў.