Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

У якіх выпадках захоўваецца права на “чужое” жыллё?

20/08/2013

У грамадскую прыёмную паступіла пытанне: якія правы на жыллё сацыяльнага карыстання маюць члены сям’і наймальніка, які атрымаў гэтае жыллё, пасля яго смерці?

Як патлумачылі юрысты Офіса па правах людзей з інваліднасцю, пытанне рэгулюецца Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2005 года № 428-3 і Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 565 ад 29 лістапада 2005 г. “Аб некаторых мерах па рэгуляванні жыллёвых адносінаў”.

У адпаведнасці з арт. 115 Жыллёвага кодэкса (ЖК), у выпадку смерці наймальніка жылога памяшкання паводле дагавора найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду такі дагавор скасоўваецца альбо спыняецца.

Разам з тым, арт.115 ЖК і п.67 Указа № 565 прадугледжваюць выключэнні:

1. Калі працаздольныя паўналетнія члены сям’і наймальніка, якія пражываюць сумесна з наймальнікам, не маюць у карыстанні жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду на падставе дагавора найму або ва ўласнасці іншага жылога памяшкання ў гэтым населеным пункце агульнай плошчай 15 квадратных метраў і болей (у г. Мінск – 10 квадратных метраў і болей) на аднаго чалавека, якое адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, з адным з іх заключаецца дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду тэрмінам да 10 гадоў.

Па заканчэнні гэтага тэрміну грамадзяне, якія пражываюць у гэтым жылым памяшканні, падлягаюць высяленню ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.

2. Калі непрацаздольныя паўналетнія члены сям’і наймальніка, якія пражываюць сумесна з наймальнікам, не маюць у карыстанні жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду на падставе дагавора найму або ва ўласнасці іншага жылога памяшкання ў гэтым населеным пункце агульнай плошчай 15 квадратных метраў і болей (у г. Мінск – 10 квадратных метраў і болей) на аднаго чалавека, якое адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, з адным з іх заключаецца дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду.

У выпадку забяспечанасці членаў сям’і наймальніка жылым памяшканнем агульнай плошчай 15 квадратных метраў і болей (у г. Мінск – 10 квадратных метраў і болей) на аднаго чалавека, што адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, яны падлягаюць высяленню з жылога памяшкання сацыяльнага карыстання ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.

Дзеянне гэтых выняткаў не распаўсюджваецца на працаздольных паўналетніх членаў яго сям’і, якія ўсяліліся ў жылое памяшканне сацыяльнага карыстання разам з наймальнікам, якому гэтае жылое памяшканне было прадастаўлена да ўступлення ў сілу Указа, і пры атрыманні якога ён здаў займанае раней жылое памяшканне або зрабіў адчужэнне на платнай i бязвыплатнай аснове жылога памяшкання, якое належала яму на праве ўласнасці, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам або іншым дзяржаўным арганізацыям. Пры гэтым з адным з членаў сям’і памерлага наймальніка заключаецца дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду.