Мы працягваем трансляцыі з Сочы. Сёння каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі раскажа пра "новы расійскі" сэрвіс і людзей, якія прыехалі ў гэты горад дапамагаць у якасці валанцёраў на Паралімпійскіх гульнях.
Кожны з валанцёраў у горадзе мае сваё "месца прыпіскі" – адвесці яго туды, куды вам трэба, наўрад ці атрымаецца. Аднак можна быць упэўненым: без дапамогі ў "новым" месцы не застанецеся, распавядае Сяргей Драздоўскі.
– Валанцёраў вельмі шмат. Па маршрутах руху да паралімпійскіх аб'ектаў, на чыгуначных і аўтастанцыях, "канатках", развязках і непасрэдна на саміх аб'ектах дзяжураць і дапамагаюць усмешлівыя і таварыскія людзі, – удакладняе суразмоўца. – Пазнаць іх лёгка – яны апранутыя ў адмысловую форму. Яны "вылоўліваюць" вачыма людзей з прыкметамі інваліднасці і прапануюць сваю дапамогу.
Большасць займаюцца інфармаваннем: як бліжэй і зручней дабрацца да пэўнай кропкі, дзе бліжэйшы прыпынак транспарту і гэтак далей. Калі спатрэбіцца, валанцёр падбярэ патрэбны аўтобус, дапаможа ў яго патрапіць і абавязкова апавясціць пра новага пасажыра кіроўцу.
Валанцёры дапамагаюць праходзіць праз жалезныя рамкі праверкі, у якіх перыядычна можа скоплівацца народ. Яны ўмела "разрульваюць", дапамагаючы першым прайсці людзям з цяжкімі формамі інваліднасці, пра гэта мы ўжо распавядалі.
Непасрэдна ў Алімпійскім/Паралімпійскім парку, асноўным комплексе будынкаў, арганізавана служба перамяшчэння людзей з інваліднасцю па тэрыторыі на гольф-карах. Адлегласці ад станцыі да білетнай касы ці, напрыклад, да хакейнай пляцоўкі немалыя, могуць дасягаць паўтара кіламетра.
– Гэтыя транспартныя сродкі вельмі выручаюць. Напрыклад, учора на вуліцы было плюс 10, дождж і шквалісты вецер – такое надвор'е для многіх становіцца выпрабаваннем, тым больш, для чалавека на калясцы або з белым кійком, – прыводзіць прыклад Сяргей. – Гэтыя кары кіруюцца валанцёрамі, машыны выклікаюць па рацыі. Такі сэрвіс вельмі дарэчы на гарыстай мясцовасці, дзе ў прынцыпе бывае вельмі складана разлічваць на свае сілы чалавеку з парушанай мабільнасцю. І тады з'яўленне аднаго толькі памочніка з рацыяй усяляе спакой за далейшы шлях.
І тут жа суразмоўца звяртае ўвагу на цёплае стаўленне валанцёраў да людзей:
– Зусім не хочацца ўспрымаць валанцёраў як персанал. Яны вельмі душэўна падыходзяць да кожнага канкрэтнага госця Сочы. Калі не ведаюць, то абавязкова ўдакладняць, калі патрэбна дапамога – абавязкова дапамогуць! За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: здзьмула ветрам у мяне квіток з каленяў наўпрост у вадасцёк, хлопцы паўгадзіны пры дапамозе аптэчкі, шпілек і неймавернага цярпення ратавалі мяне ад неабходнасці вяртацца ў касу за новым білетам! Прыкметная іх праца і ўнутры стадыёнаў – яны заклапочаныя тым, каб кожны чалавек у калясцы заняў даступнае зручнае месца. Хай нават для гэтага прыйдзецца звязвацца па рацыі, змяняць месца, указанае ў білеце.
Валанцёры, задзейнічаныя ў Паралімпіядзе, гавораць на рускай і англійскай мовах. Некаторыя ўмеюць мінімальна карыстацца мовай жэстаў – па крайняй меры, пераконваюць, што пры сустрэчы з глухім чалавекам растлумачыцца б змаглі.
– Сёння ў Сочы валанцёры дапамагаюць цалкам закрыць пытанне даступнасці, а таксама вырашыць некаторыя іншыя праблемы – напрыклад, гармідару. Вядома, цалкам ідэальна ўсё быць не можа – не выключаны і недакладнасці, і нядобрасумленнасць. Аднак важна гаварыць аб сістэмнасці падыходаў да даступнага асяроддзя, тады гэта да мінімуму скароціць магчымыя праколы, – падсумаваў Сяргей Драздоўскі.
Цікава? Сачыце за іншымі навінамі па гэтай тэме!