Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Веды могуць выратаваць ад інтэрната

02/03/2014

Офіс па правах людзей з інваліднасцю сумесна з прадстаўнікамі зацікаўленых арганізацыяў Кобрына сабраў інфармацыю аб разнастайных паслугах, якія прадастаўляюцца людзям з інваліднасцю ў гэтым горадзе. У чым навізна і ўнікальнасць гэтай працы, распавядае эксперт арганізацыі, каардынатар кампаніі "Уключэнне людзей з інваліднасцю ў мясцовую супольнасць" Галіна Крот.

Унікальнасць праведзенай працы ў тым, што мы ўпершыню паспрабавалі апісаць увесь комплекс паслуг, якія можа атрымаць чалавек з інваліднасцю ў канкрэтным горадзе. Мы ўсе прывыклі штодня карыстацца тымі ці іншымі паслугамі, аднак мы ніколі не думалі пра тое, які іх аб'ём. Прыклад Кобрына, з якім мы працавалі, паказвае, што нават у параўнальна невялікім горадзе іх досыць шмат. Пры гэтым мы не палічылі ўсе паслугі, хоць пастараліся апісаць большую частку таго, што найбольш запатрабавана ў паўсядзённым жыцці людзьмі з інваліднасцю і малазабяспечанымі або адзінокімі непрацаздольнымі грамадзянамі.

Галіна Крот

– Хто, як мяркуецца, будзе карыстальнікам гэтай інфармацыі? Для каго яна будзе ў першую чаргу карысная – для спецыялістаў, якія аказваюць паслугі, альбо для людзей з інваліднасцю і іх сем’яў?

– Спецыялісты дзяржаўнага і недзяржаўнага сектараў, якія працуюць у горадзе, адзін аднаго ведаюць, маюць зносіны і досыць шчыльна супрацоўнічаюць. Яны больш-менш маюць уяўленне аб працы адзін аднаго, пра тое, што прапануюць грамадскія і камерцыйныя арганізацыі. А вось насельніцтва часцяком нават і не ўяўляе, колькі паслуг ім прапануецца! Менавіта таму інфармацыя ў першую чаргу карысная людзям, якія маюць інваліднасць, і іх сем’ям.

– Як Вы можаце якасна і колькасна ацаніць комплекс паслуг, які прадастаўляе мясцовая супольнасць?

– Мы не праводзілі ацэнку таго, якія паслугі больш, а якія менш запатрабаваныя. На гэтым этапе нашай мэтай было паспрабаваць іх апісаць паводле распрацаванай формы, каб чыста намінальна палічыць. Некаторыя паслугі паўтараюцца: напрыклад, сацыяльна-медыцынскія паслугі можна атрымаць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у бальніцы і ў Кобрынскім псіханеўралагічным інтэрнаце. Аднак аб’ём і характар аказання гэтых паслуг розны. І яшчэ прыклад: сёння адносна новая паслуга – суправаджальнае пражыванне – прадастаўляецца ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і пра гэта ведае мала хто. Мы таксама паспрабавалі апісаць паслугі, якія прадастаўляе людзям з інваліднасцю мясцовы камбінат бытавога абслугоўвання. Аказваецца, гэта і пашыў адзення, і рамонт абутку, і цырульнае абслугоўванне. У нас ёсць інфармацыя, як атрымаць паслугі, ці ёсць зніжкі для людзей з інваліднасцю, на якіх умовах яны прадастаўляюцца.

Існуе пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных установаў сацыяльнага абслугоўвання, згодна з якім гэтыя паслугі прадастаўляюцца па ўсёй краіне. Аднак у кожнага з нас свае патрэбы і запыты, таму для кагосьці гэты пералік будзе дастатковым, для кагосьці – не. Усё індывідуальна. Іншая справа, што часта людзі не ведаюць, куды звярнуцца, каб развязаць сваю праблему.

– З якімі цяжкасцямі ў зборы і сістэматызацыі інфармацыі вам давялося сутыкнуцца?

– У Кобрыне мы звярнуліся непасрэдна да нашых мясцовых каардынатараў, якія з’яўляюцца ініцыятыўнай групай з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў і дзяржаўных установаў. То бок, гэта, па сутнасці, зацікаўленыя людзі, якія працуюць у сферы інваліднасці. У дадзеным выпадку нам вялікую дапамогу аказаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з разуменнем нас сустрэлі ва ўсіх арганізацыях.

Хоць перыядычна ў арганізацыяў узнікалі пытанні. Некаторыя арганізацыі сацыяльна-бытавога абслугоўвання не разумелі, што ад іх хочуць. Затое ў супрацоўніцтве нам удалося апісаць паслугі, якімі могуць карыстацца людзі з інваліднасцю.

У нас цяпер велізарны аб’ём інфармацыі. Нягледзячы на тое, што некаторыя паслугі паўтараюцца, іх у невялікім горадзе больш за 150! Мы тут яшчэ не ўлічылі камерцыйныя паслугі, якія можна атрымаць, заплаціўшы грошы. У асноўным мы спрабавалі апісаць тыя, якія агульнадаступныя грамадзянам і неабходныя ў паўсядзённым жыцці. Зараз інфармацыя сістэматызуецца.

– Як гэтая інфармацыя дапаможа ў стварэнні дарожнай карты, што прапануе алгарытм выхаду чалавека з інтэрната, якую збіраецца распрацаваць Офіс?

– Мы ведаем, што ў Кобрыне ёсць такія сем’і, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай цяжкай сітуацыі, яны вырашаюць, аформіць сваяка ў інтэрнат ці не. А бо часта сям'і проста не хапае дапамогі: можа быць, ім патрэбны чалавек, які б прыходзіў даглядаць за іх сваяком, можа, яшчэ нешта... Важна, каб сям’я ведала, што па такую дапамогу можна звярнуцца ў спецыялізаваную ўстанову ці арганізацыю, калі члены сям’і не спраўляюцца. Магчыма, дзякуючы такім ведам многія не трапяць у інтэрнат... Вядома, выпадкі бываюць розныя. Ёсць сітуацыі, калі немагчыма пакінуць чалавека ў сям’і і па медыцынскіх паказаннях, і таму, што сям’я не мае рэсурсаў яго ўтрымліваць.

Нам бы хацелася прасачыць, якіх паслуг не хапае для таго, каб чалавек з інваліднасцю або яго сям’я змаглі мінімізаваць наступствы цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая ў яго паўстала. Упэўненыя, што наш досвед будзе карысны не толькі ў гэтым рэгіёне, але і ў многіх іншых кутках краіны.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах кампаніі “Уключэнне ў мясцовую супольнасць”.